Маштабная акцыя па зборы ўраджаю ў рамках праекта “Сад надзеі” праходзіць ва ўстановах адукацыі па ўсёй краіне. Актыўна далучыліся да яе і ў Вялікадолецкай сярэдняй школе.
– Праект у Беларусі рэалізуюць па ініцыятыве Савета Міністраў, – расказвае метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Мечыславаўна Жук. – Яго галоўная мэта – пашырыць геаграфію пладовых садоў, уключыць моладзь у займальны і карысны працэс. Школьнікі самастойна садзяць пладовыя дрэвы, даглядаюць за імі, а восенню збіраюць ураджай.
У мінулую суботу ўдарна папрацавалі ў школьным садзе вялікадолецкія старшакласнікі. Нягледзячы на неўрадлівы для нашага раёна год, ім удалося сабраць каля 100 кілаграмаў яблыкаў.
– Парадавалі познія гатункі, такія як “Хані крысп”, “Імант”, – падзяліліся з намі ўдзельнікі акцыі. – Частка пладоў будзе рэалізавана насельніцтву, частка – падорана мнагадзетным сем’ям.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.