Іншы раз адпраўляешся на поле за рэпартажам – і нават цікавіцца ў адміністрацыі гаспадаркі не трэба, хто заняты на тым ці іншым працэсе.
Што да “Ільюшынскага”, то з сеялкай, напрыклад, тут амаль стапрацэнтна ўбачыш Анатоля Усовіка, а на ўборцы кукурузы – Мікалая Ступко (на здымку). “Гэта так. Ужо, напэўна, сезон пятнаццаты запар саджуся восенню ў КВК. Здаецца, і з заплюшчанымі вачыма магу каралеву палёў убіраць. Шчыра прызнацца, люблю гэты від работ, асабліва калі ён плённы, як зараз”, – усміхаецца ветэран гаспадаркі, літаральна на хвілінку пакінуўшы кабіну кормаўборачнага камбайна.
Кукуруза, як, зрэшты, і травы, сёлета, відаць, вырашылі кампенсаваць аграрыям леташні стрэс і парадавалі ўраджайнасцю. Ды гэта і візуальна было бачна і па высокіх мясістых раслінах, і па тым, як хутка напаўняліся прычэпы дзвюх адзінак. Плячо на жарскіх палетках зусім невялікае – адвозчыкі па чарзе ўздымалі слупы пылу на палявой дарозе і практычна не давалі камбайну ні хвіліны прастою.
Кароткую нашу размову з машыністам КВК абарваў падкаціўшы МАЗ – і тандэм працягнуў свой рух па палетках. На адзіным у гаспадарцы грузавіку таксама працуе работнік з вялікім вопытам – Валерый Спірыдзёнак. Машына – нарасхват, так што круціўся гэтым летам на ўсіх працэсах: і сянаж адвозіў, і зерне, і за камбікормам, іншымі грузамі рэйсы штампаваў. Няпроста працаваць у такім рэжыме і тэхніцы, і людзям – але хлебаробчая загартоўка дапамагае. А вось Аляксей Баяронак, які пад’ехаў на энерганасычаным трактары, каб змяніць калегу, проста выпраменьваў энергію і аптымізм. Штат гаспадаркі ільюшынец папоўніў у ліпені, а перад гэтым скончыў вайсковую службу, адвучыўся ў Ульскім каледжы на вадзіцеля, трактарыста і зваршчыка. Пачынаў на абслугоўванні дойных статкаў, калі ж днямі ў сельгаспрадпрыемства вярнуўся пасля пераабсталявання рухавіка “Беларус-3022” (яго зношаны матор заводскія майстры памянялі на перароблены ад зернеўборачнага “Палесся”), ахвотна перасеў на абноўленую адзінку. Прызнаецца, што работа яму вельмі падабаецца, і ўвечары выходзіць на дадатковую змену – трамбуе сіласную масу, якую на працягу дня разраўноўвае на “Амкадоры” Аляксандр Галубіцкі.
“Вялікадолецкае” і “Дземенец” ужо перавыканалі даведзены гадавы план па нарыхтоўцы кармоў (119 і 103 працэнта адпаведна), назапасіўшы 34,7 і 30,4 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
У дзень, калі мы наведаліся ў Жары, тут закладалі другую траншэю. Работа кіпела – і ўлікоўца Тамара Пугач старанна ўносіла ў паперы свежыя лічбы. Былая загадчыца фермы не першы год на пенсіі, аднак у гарачы сезон прыходзіць на дапамогу роднай гаспадарцы. Кантраляваў працэс закладкі галоўны аграном Аляксандр Селявёнак.
“Калі ўраджай годны, дык і работа ўсім у радасць. Стараемся ўбраць культуру ў аптымальныя тэрміны і без страт. Атрымліваем зараз у сярэднім па 262 цэнтнеры з гектара. Кукуруза ў нас пасеяна на 440, убралі крыху больш чвэрці плошчаў, а сіласу нарыхтавалі ўжо трэць ад запланаванага. Таму спадзяемся, што гэты від кармоў наблізіць нас да іх агульнай патрэбнай колькасці. Зараз у гаспадарцы ўжо назапашана каля 17 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, тады як у планах – 27,9”, – патлумачыў нам Аляксандр Сяргеевіч. Задача рэальная, а значыць, стойлавы перыяд аграрыі будуць сустракаць у куды больш аптымістычным настроі, чым было гэта мінулай восенню.
Убіраць кукурузу аграрыям дапамагаюць лясгас, УП ЖКГ, ДРБУ-105, Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства і іншыя падшэфныя арганізацыі.
Уборка пажыўнай кармавой культуры актыўна вядзецца і ў іншых ушацкіх гаспадарках. Сёлета ў раёне кукуруза займае на 30 працэнтаў плошчаў больш, чым летась. На ўчарашнюю раніцу аграрыі ўбралі чацвёртую частку палеткаў. Сярэднераённая ўраджайнасць складала 277,3 цэнтнера з гектара. Лідарства па тэмпах работ утрымлівалі “Сафійскія дары”, дзе убрана 29 працэнтаў плошчаў пры ўраджайнасці амаль у 300 ц/га – самай высокай у раёне.
Наталля БАГДАНОВІЧ.