Верасень сёлета выдаўся ўнікальна цёплым, і ў некаторых раслін адкрылася… другое дыханне. Нашы чытачы актыўна дзеляцца здымкамі кветачак, якія распусціліся на пладовых дрэвах. І калі падобныя факты мы бачылі і мінулай восенню, то зацвіўшы ў верасні бэз – відовішча даволі нязвыклае. Але ўбачыць яго можна на многіх ушацкіх вуліцах. Бэзавую галінку прынесла нам у рэдакцыю школьніца Аня Мазго. А гэты кадр, напрыклад, зроблены ля цэнтральнай бібліятэкі.
Батанікі тлумачаць, што для некаторых раслін другаснае цвіценне – не штосьці звышнатуральнае. Досыць нярэдка на “другі круг” заходзяць шыпшына, лілейнікі, ірысы, спірэі. А што да паўторна зацвіўшага бэзу, то спецыялісты раюць падкарміць яго суперфасфатам – каб падтрымаць расліну, якая патраціць на цвіценне сілы, якія лепш было б назапасіць на зіму.