В Минске прошел предпоказ фильма «Черный замок»

Культура

У сталічным кінатэатры “Беларусь” адбыўся перадпрэм’ерны паказ фільма “Чорны замак”, сцэны якога здымаліся ў тым ліку ва Ушацкім раёне. Стужка, над якой працавалі Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” і ТАА “Нью Арт Сінема Прадакшн” (Расійская Федэрацыя), заснавана на гістарычным дэтэктыўным рамане Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”.

На сустрэчы з журналістамі аўтар сцэнарыя і прадзюсар Глеб Шпрыгаў, кажучы пра раман У.Караткевіча, адзначыў: “Гэта гісторыя, якую было цяжка экранізаваць. Каб змясціць некалькі часавых пластоў у двухгадзіннае кіно, ад чагосьці даводзілася адмаўляцца, але ў цэлым сутнасць твора захавалася”.

Коратка скажам пра сюжэт фільма. У антыкварны магазін гісторыка Антона Косміча (акцёр Яўген Шварц) і яго сябра Мар’яна Пташынскага (Павел Камароў) невядомы здае старадаўняе Евангелле, якое належала роду Альшанскіх. Маладыя аматары даўніны вывучаюць яго і выяўляюць схаваны шыфр. Неўзабаве Пташынскага забіваюць, а Косміча падазраюць у гэтым злачынстве. Антону нічога не застаецца, як бегчы ад міліцыі ў Альшаны, каб там раскрыць таямніцы мінулага і знайсці забойцу сябра.

Гэтая экранізацыя, вядома, адрозніваецца ад савецкай 1984 года (“Чорны замак Альшанскі”, рэжысёр Міхаіл Пташук). Там дзеянне больш набліжана да рамана. На гэты конт кінарэжысёр-пастаноўшчык новай карціны Кірыл Кузін падкрэсліў: “Пры падрыхтоўцы сцэнарыя мы прадугледзелі забаўляльны накірунак. Нам трэба было, з аднаго боку, захаваць тую глыбіню, якую заклаў у твор Караткевіч, з другога – стварыць карціну, пры праглядзе якой праз 20 хвілін ніхто не ўзяўся б за тэлефон”.

Мне як гледачу і прыхільніку творчасці Уладзіміра Караткевіча новы фільм у цэлым спадабаўся, тым больш у ім іграюць народны артыст Расійскай Федэрацыі Віктар Вяржбіцкі, яго знакаміты зямляк Яўген Стычкін, а таксама беларускія акцёры Анастасія Красоўская, Сяргей Беляковіч і іншыя. Самым жа чаканым, вядома, стаў эпізод, у якім галоўны герой пачынае разгадваць таямніцы Сярэднявечча сярод цьмяных селішчанскіх муроў – менавіта яго дзве майскія ночы запар здымалі на Ушаччыне, у касцёле Святой Веранікі.

Усяго над “Чорным замкам” здымачная група працавала больш года. Аўтары хацелі, каб гледачы ўбачылі любоў да Радзімы, пошук сябе, перамогу ісціны над хлуснёй. Галоўная ж думка была агучана перад апошнімі тытрамі: народ, які любіць і памятае сваю гісторыю, будзе неўміручым, а калі яе забудзе – знікне назаўжды.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

У пракат кінастужка выйдзе 12 снежня – якраз да стагоддзя студыі “Беларусьфільм”, а ў лютым 2025-га яна будзе даступна для прагляду ў інтэрнэце.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *