“Нават не заўважыў, як асноўная частка сезона прамільгнула. Здаецца, толькі нядаўна на сакавіцкую раллю з плугамі выязджаў – і ўжо зноў гэты агрэгат зачапіў”, – разважаў Андрэй Лапо, спыніўшы трактар на ўскрайку ўчастка ля Загор’я, дзе раней раслі шматгадовыя травы, а наступным летам будзе каласіцца пшаніца.
Сёлетні сезон адзін з лепшых работнікаў “Сафійскіх дароў” распачаў яшчэ зімой, калі рупліва рыхтаваў тэхніку да выхаду ў поле. Якраз на старце пасяўной вярнуўся з капрамонту рухавік ад яго спрытнага Беларуса 1523, вось толькі парадавацца механізатар не паспеў: раптоўна выйшаў са строю матор на трактары Артура Карабаня, за які зачэплена “стратэгічная” сеялка “Хорш”, – у інтарэсах агульнай справы давялося пазычыць калегу свой, а самому перасесці на менш магутны 1221.
Зрэшты, і на гэтай тэхніцы працаваў Андрэй плённа. Пасля сяўбы яравых зачапіў касу, якую, да слова, пяць год таму сабраў з трох частак, а сёлета грунтоўна абнавіў. Зялёнае жніво расцягнулася на ўсё лета, ды і планы ў сафійцаў былі вялікія: аднаго толькі сенажу разлічвалі нарыхтаваць больш 12 тысяч тон, – адпаведна, на работнікаў, што распачынаюць “зялёны канвеер”, нагрузка выпала сур’ёзная.
“Аднаго разу ў Рубаніках за змену скасіў 29 гектараў (пры норме 9): трэба было тэрмінова забяспечыць работай два КВК, таму прыпыняўся толькі на некалькі хвілін, каб перакусіць”, – прыгадвае механізатар.
Не менш напружаныя і цяперашнія дні на ўзворванні. “Глеба вельмі сухая, цвёрдая, учора вось два новыя лемяшы паставіў, а бывае, што і карпусы плугоў ламаюцца, і цягі перабівае. Але ж сеяць трэба, таму стараемся ўсё аператыўна ўхіляць”, – працягвае свой аповед Андрэй.
На ўзворванні ў гаспадарцы таксама заняты Ілья Шалонька, далучаюцца да працэсу і іншыя хлопцы. У дзень нашага візіту побач з А.Лапо шчыраваў навічок прадпрыемства Іван Грыневіч. Дэбютаваў ён у “Сафійскіх дарах” два гады таму – быў памочнікам камбайнера на жніве, потым працаваў слесарам, а зімой па накіраванні гаспадаркі прайшоў навучанне ў цэнтры райсельгасхарча на вадзіцеля катэгорыі “В” і трактарыста. Цяпер хлопец прымяняе атрыманыя навыкі на практыцы.
“Мне пашанцавала, што працую побач з такім вопытным і добразычлівым калегам: Андрэй ахвотна дае парады, ніколі не адмаўляе ў дапамозе. Днямі вось на маім трактары вылецеў шплінт з размеркавальнага рычага – дык мы яго разам устаўлялі. А назаўтра, уявіце сабе, абсалютна такая ж праблема ўзнікла ў яго – тут ужо мая чарга дапамагаць прыйшла, бо ўдвух з гэтай хібай спраўляцца больш зручна”, – распавёў нам пра нюансы працоўных будняў Іван. Дарэчы, сваё прафесийнае развіццё хлопец спыняць не плануе: праз год зможа прайсці перападрыхтоўку, каб сесці за руль энерганасычанага трактара, камбайна, і стаць такім жа ўніверсалам, як яго бацька – механізатар Леанід Грыневіч, пра якога мы неаднойчы расказвалі ў газеце.
Між тым пасяўная ў гаспадарцы ідзе поўным ходам. Узараць сёлета трэба 2150 гектараў, і з заданнем звяно справілася ўжо практычна напалову. Найперш, як і належыць, сейбіты запрацавалі 400 гектараў крыжакветных. Сяўбу ж зерневых распачалі з пшаніцы, завезена 30 тон эліты. На ўчарашнюю раніцу ў гаспадарцы быў засеяны 21 працэнт запланаваных пад збожжавыя культуры плошчаў. Па раёне ж па тэмпах сяўбы сярод ушацкіх гаспадарак лідзіруе “Вялікадолецкае”, дзе ўжо засеялі каля трэці палеткаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.