Накануне профессионального праздника в Ушачах чествовали лучших работников лесной отрасли района

Общество

Што новага з’явілася на ўзбраенні работнікаў Ушацкага лясгаса, як удалося зберагчы лес ад пажараў, як пераадольваюць наступствы стыхіі, хто заняў першыя радкі ў штогадовым рэйтынгу? На ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды прафесійнага свята ўшацкія лесаводы не толькі адзначалі лепшых, а і гаварылі пра зробленае ў бягучым годзе.

Работнікі лясной гаспадаркі сёлета палепшылі вынікі дзейнасці, але і сутыкнуліся з рознымі праблемамі. Нялёгкім стаў год для лясной аховы, сухая вясна і спякотнае лета прымусілі працаваць у напружаным рэжыме. З-за адсутнасці дажджоў і цёплага пачатку восені сітуацыя ў лясах краіны і зараз застаецца напружанай – штодня прыходзяць весткі аб узгараннях з розных рэгіёнаў краіны. На Ушаччыне ў гэтым сезоне не зарэгістравана ніводнага ляснога пажару. Каб зберагчы лес, прадпрыемства не шкадуе сродкаў на мадэрнізацыю і сучаснае абсталяванне сваёй пажарнай службы.

Прыемная навіна прыйшла напярэдадні прафесійнага свята: па рашэнні Прэзідэнта ў рамках падтрымкі лясной гаспадаркі на фоне разбуральнай ліпеньскай стыхіі Ушацкаму лясгасу будзе выдзелены аўтамабіль МАЗ для вывазкі лесу.

Прадаўжаецца мадэрнізацыя дрэваапрацоўчага цэха, распрацоўваецца дакументацыя на закупку новай лініі лесапілення. Стаўку на развіццё дрэваапрацоўкі робяць недарэмна – гэты накірунак займае важнае месца ў вытворчасці і прыносіць прыбытак. У агульным аб’ёме вырабу піламатэрыялаў экспарт складае 73 працэнты. Прадаўжаюць асваенне домабудавання з дапамогай спецыяльнага ацыліндровачнага станка, не прастойвае ў цэху і дровакольная лінія.

Прынёс праблем і клопатаў лясгасаўцам сёлетні ўраган: на тэрыторыі раёна ім трэба распрацаваць каля сотні гектараў ветравалаў, пасля чаго на пашкоджаных участках заняцца лесааднаўленнем. Ужо больш месяца Ушацкі лясгас дапамагае калегам са Жлобінскага раёна весці распрацоўку бураломаў, дзе пашкоджанні значна большыя. На Гомельшчыну камандзіраваны брыгады разам з небходнай тэхнікай.

“За кожнай справай, машынай, станком стаіць чалавек. Менавіта вашай працай дасягнуты паказчыкі, якія сёння мае прадпрыемства. Дзякуй за старанні”, – віншуючы калектыў з прафесійным святам, падкрэсліў дырэктар лясгаса А.М.Апёнак.

Сёлета па традыцыі было выбрана лепшае падраздзяленне лясгаса. У рэйтынгу пальму першынства па выніках работы ўжо каторы год утрымлівае Кубліцкае лясніцтва (ляснічы – В.В.Кальчэўскі). А вось другое і трэцяе месцы адпаведна занялі Глыбачанскае і Вялікадолецкае. Адметны той факт, што гэтыя падраздзяленні нядаўна ўзначалілі маладыя працаўнікі Іван Шугалей і Андрэй Клямяценка. Аказаны давер апраўдалі, ну а трапленне ў рэйтынг – нагода працаваць яшчэ лепш і трымаць марку. У якасці падарункаў калектывы атрымаюць неабходнае ў рабоце абсталяванне.

Усяго ў перааснашчэнне прадпрыемства за 8 месяцаў бягучага года ўкладзена інвестыцый на суму 1570 тысяч рублёў. Лясгас набыў лесанарыхтоўчую машыну – фарвардар, 4 адзінкі пагрузачных машын, лябёдку тралёвачную і іншую тэхніку.

Віншавала працаўнікоў лясной нівы і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, якая выказала ўпэўненасць, што наперадзе ў іх новыя поспехі. Гучалі словы ўдзячнасці ў адрас ветэранаў. Лес – як той ураджай, толькі расціць яго трэба гадамі не аднаму пакаленню, таму ў сённяшніх справах ёсць уклад тых, хто на заслужаным адпачынку.

Аб тым, што ва Ушацкім лясгасе працуюць старанныя прафесіяналы, сведчыла вялікая колькасць узнагарод рознага ўзроўню. У час ушанавання Граматамі прадпрыемства галоўная сцэна раёна ледзь умясціла ўсіх намінантаў. Дарэчы, не засталіся без увагі і працаўнікі, якія знаходзяцца ў камандзіроўцы на Гомельшчыне. Іх запрасілі на свята, якое спецыяльна ладзілася ў Жлобінскім Доме культуры ў нядзелю, з віншаваннямі адправілася туды і кіраўніцтва лясгаса. Прыемна, што ўшацкія працаўнікі атрымалі высокую ацэнку за сваю работу. Напрыклад, вадзіцель на вывазцы лесу Мацвей Максак адзначаны Падзякай Міністра лясной гаспадаркі, Граматай абласнога лесагаспадарчага аб’яднання ўзнагароджаны машыніст тралёвачнай машыны Аляксандр Ласкуноў, а яго калега Аляксандр Захарэнка адзначаны Беларускім прафсаюзам работнікаў лесу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *