Годную традыцыю – рыхтаваць людзям падарункі да значных святаў – наша дзяржава працягнула і ў Дзень народнага адзінства. 17 верасня ў розных кутках краіны адкрываліся абноўленыя бальнічныя карпусы, спартыўныя збудаванні, арт-аб’екты. Прыемная цырымонія прайшла і ў Віцебску – старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін уручыў прадстаўнікам сямі філіялаў аблспажыўтаварыства ключы ад дзесяці сучасных аўтамабіляў для выязнога абслугоўвання вяскоўцаў. Новая тэхніка адправілася і ва Ушачы.
У цэлым па краіне на працягу трох год за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласных бюджэтаў паркі кааператараў папоўняць 240 аўталавак. Прадугледжвае гэта Указ №309 “Аб падтрымцы арганізацый спажывецкай кааперацыі”, падпісаны Прэзідэнтам краіны 5 жніўня. Новы транспарт – адзін з пунктаў дзяржаўнай дапамогі “Белкаапсаюзу”, які выконвае сацыяльную місію, дастаўляючы тавары ў аддаленыя і маланаселеныя вёскі.
Першую паездку на новенькім МАЗе здзейсніў вадзіцель Ушацкага філіяла Андрэй Шаблоўскі – шлях з абласнога цэнтра да гарпасёлка мадэль айчыннага аўтапрама адолела шпарка. “Зручна і камфортна!”, – даў ацэнку аўтамабілю работнік.
А мы прыбылі на аўтабазу, каб больш дэталёва агледзець навінку. Начальнік транспартнага аддзела Віктар Літвінаў прадэманстраваў, як аўтаматычна адчыняецца частка борта, за якім размешчана вітрына – дарэчы, тавар, што на ёй выкладзены, можна ахалоджаваць. Некаторыя пакупнікі меркавалі, што цяпер ім прыдзецца забірацца па прыступках унутр крамы на колах, аднак гэта не так – прадавец будзе адпускаць тавар праз вялікае “акно”.
У прасторным жа фургоне чаго толькі няма: халадзільнае абсталяванне, зручныя стэлажы для тавараў, генератар, кандыцыянер і нават рукамыйнік з падагрэвам вады. Так што цяпер у кааператараў з’явіцца дадатковы стымул, каб забяспечыць шыкоўны аўтамагазін годным асартыментам. А яшчэ дамаўляцца з дарожнікамі, каб яны больш плённа вызвалялі вясковыя абочыны ад кустоўя, а ў халодны час прачышчалі не толькі дарогі, а і месцы для развароту, – новая крама даволі габарытная. А вось дызельнага паліва расходуе 20 літраў на 100 кіламетраў – амаль столькі ж, як і ГАЗы, што зараз дастаўляюць тавар ушачанам.
Дарэчы, гэтымі днямі ў наш парк прыбыла і другая машына. Мяркуецца, што з цягам часу паступяць яшчэ дзве адзінкі. “Зараз вырашаем, куды накіраваць новыя крамы. Верагодна, адна з іх будзе абслугоўваць вёскі Полацкага раёна, бо там транспарт больш зношаны, – падзялілася з намі дырэктар Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства Ганна Хамёнак. – А ўвогуле хачу падзякаваць кіраўніцтву краіны і вобласці за такі цудоўны падарунак. Сімвалічна, што атрымалі мы яго ў Год якасці, бо машыны дапамогуць палепшыць узровень абслугоўвання вяскоўцаў”.
Натуральна, што дзяржаўная дапамога спажывецкай кааперыцыі гэтым не абмяжуецца. Прыгаданым вышэй указам прадугледжваецца, у прыватнасці, правядзенне аўтаматызацыі гандлёвых аб’ектаў за кошт мясцовых інавацыйных фондаў. Аблвыканкамы атрымалі права накіроўваць бюджэтныя сродкі на фінансаванне работ па рамонце, рэканструкцыі і будаўніцтве крам і прамысловых аб’ектаў таварыстваў. Мяркуецца, што ўсё гэта дапаможа фінансаваму аздараўленню прадпрыемстваў спажыўкааперацыі, якія – у гэтым упэўнены наш Прэзідэнт – па-ранейшаму патрэбны краіне.
Наталля БАГДАНОВІЧ.