Накануне профессионального праздника в Витебске чествовали лучших работников лесной отрасли

Общество

Ва Ушацкім лясгасе вельмі шмат сумленных работнікаў, сапраўдных прафесіяналаў. Як заўсёды падкрэслівае дырэктар прадпрыемства Аляксей Мікалаевіч Апёнак, працу кожнага цэняць і паважаюць. Але самым тытулаваным работнікам з багатым стажам, бясспрэчна, з’яўляецца ляснік Ушацкага вопытна­-вытворчага лясніцтва Пётр Пятровіч Качан. На яго рахунку ўзнагароды як раённага ўзроўню, так і медаль “За працоўныя заслугі”. Хоць не раз быў героем газетных публікацый, да сёлетняга прафесійнага свята зноў з’явілася нагода сказаць некалькі слоў пра заслужанага лесніка.

В.Калачоў, П.Качан, Л.Карабань.

На гэтым тыдні на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды Дня работнікаў лесу ў Віцебску Пётр Пятровіч атрымаў нагрудны знак “30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”. А ў чацвер быў запрошаны на ўрачыстасць у сталіцу, дзе яму была ўручана Падзяка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На працягу больш чым 40 гадоў ён бездакорна выконвае свае прафесійныя абавязкі. За Пятром Пятровічам у лясніцтве замацаваны абход нумар 4, а гэта плошча ажно ў 739 гектараў! 128,7 з іх – тэрыторыя біялагічнага заказніка “Вечалле”. Такія вялізныя ўчасткі, здаецца, нават уявіць складана, а мужчына выдатна ведае кожны куточак гэтага лесу. І з задавальненнем дзеліцца сваім вопытам з маладымі лесаводамі, якія прыходзяць працаваць у лясніцтва. Сам не ўяўляе сябе без лесу і імкнецца прывіваць любоў да прыроды падрастаючаму пакаленню падчас сустрэч са школьнікамі і ўдзельнікамі дашкольнага лясніцтва “Лесавічок”.

Калісьці ў пачатку сваёй кар’еры працаваў трактарыстам і вадзіцелем, а работу лесніка выконвае роўна 30 гадоў, да якой, як прызнаецца, ляжыць душа. Ён увогуле з тых, хто не любіць нешта мяняць: трывала стаіць на нагах і даражыць тым, што мае.

Да прафесійнага свята высокімі ўзнагародамі былі адзначаны і іншыя работнікі лясгаса. Ганаровая грамата Міністэрства лясной гаспадаркі ўручана вадзіцелю на вывазцы лесу Пятру Іванавічу Палонскаму. Яго калега Віктар Уладзіміравіч Калачоў, а таксама вальшчык лесу Леанід Карабань і майстар лесу Леанід Сяргеевіч Шайтар атрымалі Ганаровыя граматы абласнога лесагаспадарчага аб’яднання. Падзяка генеральнага дырэктара Віцебскага ДВЛГА аб’яўлена кіраўніку прадпрыемства А.М.Апёнку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *