Напэўна, у многіх бібліятэка асацыіруецца з цішынёй і спакоем. Аднак жа ў наш час гэта ўстанова стала сапраўдным сацыяльна-культурным, адукацыйным цэнтрам, таму і жыццё тут насычанае, цікавае і бурлівае. Упэўнілася ў гэтым падчас нядаўняй сустрэчы з дырэктарам Ушацкай ЦБС Вольгай Пятроўнай КАВАЛЕНКА.
– Што сёння ўяўляе сабой цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма раёна?
– Гэта 9 бібліятэк: цэнтральная раённая – з сектарамі абслугоўвання і інфармацыі, дзіцячай і юнацкай кнігі, маркетынгу і сацыяльна-культурнай дзейнасці, 7 сельскіх і 1 бібліятэка-клуб (у Жарах). На першай – максімальная колькасць функцый. Супрацоўнікі і кнігі выдаюць, і пазнавальныя сустрэчы праводзяць, тэматычныя выставы на раённых мерапрыемствах прэзентуюць, каардынуюць работу сельскіх устаноў.
– А бібліятэчны фонд – вялікі?
– Сістэма налічвае 92792 экзэмпляры. З улікам перыёдыкі штогод паступае каля тысячы навінак. Акцэнт робіцца на сацыяльна значныя выданні, творы беларускіх аўтараў, якія карыстаюцца вялікім попытам у чытачоў, на асобныя нават ёсць чарга. Дапамагаюць з абнаўленнем бібліятэчных паліц і простыя людзі, якія прыносяць кнігі з сямейнага архіву (да 300 у год!), за што ім вельмі ўдзячныя.
– З развіццём сучасных тэхналогій колькасць чытачоў не змяншаецца?
– Што радуе, не! Зараз абслугоўваем амаль 5,9 тысячы грамадзян. Самыя актыўныя чытачы – дзеці школьнага ўзросту і людзі, старэйшыя за 50 гадоў. Ёсць сярод іх нават тыя, хто амаль не бачыць, – ім прапануем аўдыёкнігі. Прадстаўнікі ж узроставай групы 20-40 заходзяць не так часта, аднак актыўна працуем над тым, каб і іх зацікавіць: арганізуем работу клубаў па інтарэсах, рэалізуем тэматычныя праекты. Сёлета, напрыклад, зрабілі акцэнт на 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, краязнаўства, актыўны адпачынак моладзі ў летні перыяд. Летась жа наша работа, прысвечаная роднаму краю – з цікавымі звесткамі пра Ушачы, фотаздымкамі і распрацаваным квестам, стала лепшай на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.
– Аказваеце ўшачанам і платныя паслугі…
– Найбольш запатрабаваныя – ксеракопія, сканіраванне, брашураванне, работа з фотаздымкамі, выраб буклетаў, магнітаў, блакнотаў, а таксама кубкаў і футболак з фотаздымкамі ад заказчыка. Дарэчы, прапануем усё гэта не толькі ў раённай бібліятэцы, але і ў сектары дзіцячай, юнацкай кнігі, што дазваляе карыстацца паслугамі ў любы дзень тыдня.
– Як думаеце: магчыма такое, што праз 10-15 гадоў бібліятэкі апусцеюць?
– Пераканана, што рана іх скідваць з “карабля гісторыі”. Спадзяюся, што ў будучым друкаваная кніга і яе электронны варыянт ці інтэрнэт будуць суіснаваць у гармоніі. Апошнім аддадуць перавагу для вучобы ці работы, чытаць жа для душы будуць усё роўна першую. Кніга не знікне, проста ў чалавека будзе выбар.
Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.