Калі дзеці бавяць час на вуліцы без нагляду дарослых, небяспека атрымаць электратраўмы, вядома ж, павялічваецца. Як сведчыць статыстыка, звычайна перадумовай для гэтага з’яўляюцца іх неасцярожнасць і няведанне элементарных правілаў электрабяспекі. Зрэшты, бывае і так, што дзеці трапляюць у экстрэмальныя сітуацыі з-за халатнасці дарослых.
Сведчаннем таму – нядаўняе здарэнне ў Бабруйску, калі тата павёў свайго сына-чацвёртакласніка на рыбалку на вадаём, паблізу якога праходзіла паветраная лінія электраперадачы. У выніку хлопчык атрымаў апёкі.
У чарговы раз нагадваем, што пад правадамі ЛЭП ні ў якім разе нельга хадзіць з вудамі, гуляць з мячом ці запускаць паветранага змея, распальваць вогнішчы, ставіць палаткі. Катэгарычна забараняецца ўзбірацца на апоры паветраных ліній, на дахі пабудоў, блізка ад якіх ідуць правады, уваходзіць у трансфарматарныя падстанцыі, адчыняць дзверы электрычных прылад у пад’ездах, падвалах.
Заклікаем дарослых не заставацца абыякавымі, калі вы бачыце дзяцей і падлеткаў у небяспечных месцах ці, напрыклад, заўважылі адчыненыя дзверы падстанцый, электрашчытавых. Паведаміце пра гэта ў дыспетчарскую службу раёна электрасетак – тым самым вы дапаможаце прадухіліць магчымую трагедыю.
Андрэй ЛУКАШЭВІЧ,
начальнік Ушацкага раёна электрасетак.