З 7 верасня на тэрыторыі Ушацкага раёна дзейнічае забарона на наведванне лясоў у сувязі з пажаранебяспечным становішчам, якое зараз адпавядае чацвёртаму класу – перадапошняму да крытычнага ўзроўню.
Грамадзянам забараняецца знаходзіцца ў лясах і прылягаючых да іх тэрыторыях (за выключэннем асоб, якія займаюцца вядзеннем лясной гаспадаркі). За парушэнне патрабавання прадугледжаны штраф да 12 базавых велічынь. У выпадку, калі пажар адбыўся па вашай віне, штраф можа складаць да 30 базавых, да таго ж прыйдзецца кампенсаваць урон, нанесены прыродзе.
Дзяржлесахова Ушацкага лясгаса зараз нясе службу ва ўзмоцненым рэжыме, арганізавана кругласутачнае відэаназіранне за лясамі з дапамогай сістэмы “Лясны страж” (на здымку).
– У цяперашні засушлівы час дастаткова адной іскры, каб у лесе ўспыхнула полымя. За апошнія дні па краіне ліквідавана 10 узгаранняў у лясным фондзе. Прычынай пажараў ва ўсіх выпадках быў чалавечы фактар. Настойліва просім адкласці пікнікі, паходы за ягадамі і грыбамі. Дзяржлесаховай праводзяцца рэйдавыя мерапрыемствы ў лясным фондзе, у тым ліку на асабліва небяспечных участках, зонах адпачынку, – падкрэслівае інжынер па ахове і абароне лесу Ушацкага лясгаса Данііл Пазняк.
Нагадаем, што актуальную інфармацыю аб абмежаваннях на наведванне лясоў можна адсачыць на спецыяльнай інтэрактыўнай карце на сайце Мінлясгаса.
Вольга КАМАРКОВА.