Чаму вёску Глыбачанскага сельсавета назвалі Краснае, ніхто з мясцовых жыхароў дакладна не ведае. Аднак з меркаваннем, што ў назвах населеных пунктаў такі прыметнік падкрэслівае прыгажосць, пагаджаюцца. Мясціны тут, сапраўды, унікальныя: у свежасці прыроднай зеляніны блакітам свецяцца адразу некалькі азёр. На вулачцы ж пасёлка аб прыгажосці дбаюць старажылы, дачнікі: “апранаюць” у яркія колеры дамы, прадумваюць кветкавае ўбранне.
Вясковы мэр
Знайсці адрас старэйшыны А.У.Быкавай (на здымку) не склала цяжкасцяў. “Вы, напэўна, да нашага мэра? Гэта далей па вуліцы!” – указвалі людзі на акуратны домік Алены Уладзіміраўны. “Званне” ж такое жанчына атрымала не адно дзесяцігоддзе таму, калі стала мясцовым памочнікам старшыні сельвыканкама, правадыром інтарэсаў аднавяскоўцаў. Дарэчы, за гэта яе прозвішча заносілася на раённую Дошку гонару.
“Па нараджэнні я не мясцовая – дзяцінства прайшло ў Горах, вучылася ў Зарачанскай і Дубраўскай школах. Але ж Радзімай лічу менавіта Краснае, дзе жыву з 1962 года”, – адзначае наша субяседніца. Яна марыла стаць медсястрой, але маці вучыцца не адпусціла: тата загінуў на вайне – трэба было дапамагаць. Калі выходзіла замуж, меркавала вырвацца ў Наваполацк, які толькі будаваўся. Але зноў не выйшла: мнагадзетнай сям’і Васіля Кірылавіча, у якой таксама не было мужа, бацькі, выдзелілі кубы лесу – побач з домам свекрыві вырашылі свой “узвесці”. Так канчаткова і аселі Быкавы ў Красным, працавалі ў мясцовай гаспадарцы, ён – трактарыстам, яна – даяркай. “Тады ў суседняй вёсцы ажно тры фермы было, больш за 200 галоў буронак, ды яшчэ цяляты, – прыгадвае жанчына. – Добра, што ўжо быў малакаправод – не трэба было цягаць вялікія бочкі”.
Дарэчы, і дома заўсёды была падсобная гаспадарка. Прачыналася Алена Уладзіміраўна гадзіны ў чатыры, бегла да кароўкі, а то і дзвюх, карміла парсючкоў, іншую жыўнасць, гатавала сняданак блізкім і спяшалася на работу. З дэкрэтнага адпачынку, дарэчы, заручыўшыся падтрымкай свекрыві, выйшла, калі сыну было ўсяго два месяцы. А па вечарах разам з мужам зноў па гаспадарчых справах завіхалася – сена нарыхтоўвала, агарод апрацоўвала. Так у тыя часы жылі практычна ўсе.
“Цяпер усё, канечне, інакш: зручней для вяскоўцаў, – кажа старэйшына. – Зусім нядаўна нам паставілі станцыю абезжалезвання, а то ржавы асадак з вады ажно ў два пальцы быў. Цяпер адстоіла для праверкі – крыштальная! Калодзежаў у Красным ніколі не было, бралі вадзіцу прама з возера, а 35 гадоў таму праклалі вадаправод. Да калонак зараз і хадзіць не трэба – многія падвялі ваду ў дом. Ну а я карыстаюся яшчэ адной цудоўнай выгодай – падключыла электраацяпленне і цяпер не думаю пра печкі, дровы…”
Мужа Алены Уладзіміраўны ўжо не стала – і ў гаспадарчых клопатах дапамагаюць дзеці, унучкі, якія прыязджаюць на выхадныя з горада. Радуе і маленькая праўнучка, якой жанчына любіць гатаваць смачныя піражкі ды блінчыкі.
У горадзе – зусім не тое!
Называе сябе тутэйшым, хаця мае наваполацкую прапіску, Сяргей Леанідавіч Кагалёнак. У Красным нарадзілася і вырасла яго маці Марыя Ягораўна Лазоўская, тут жылі і дзядуля з бабуляй. Калі ж у апошняй узніклі сур’ёзныя праблемы са здароўем і давялося шукаць апекуна – такую функцыю не пабаяўся ўзяць на сябе ўнук. Перацягнуў з горада і жонку, дарэчы, таксама з ушацкімі каранямі – зараз разам ладзяць быт на радзіме продкаў.
Штогод з нецярпеннем чакае лета, каб вырвацца з Наваполацка ў Краснае, Таццяна Іванаўна Копыць (на здымку). У свае 82 гады жанчына любіць пасядзець у цяпліцы, заняцца праполкай агарода, да аўталаўкі за прадуктамі схадзіць. На радзіме маці, як прызнаецца, асаблівая атмасфера – хочацца жыць, будаваць планы! Так, як гэта было ў яе маладосці, калі працавала тэхнолагам на “Нафтане” і гадавала дзяцей, ці яшчэ раней – калі тут, на Ушаччыне, дзяўчынкай шчыравала па падсобнай гаспадарцы і марыла паглядзець свет. Жыццё яе сям’і не было простым: матуля рана стала ўдавой, а дзяцей трэба было падняць на ногі…
Едуць з Мурманска, прыходзяць з пушчы
На зімовы час Краснае традыцыйна заціхае, бо з’язджаюць шматлікія дачнікі – жахары Віцебска, Мінска, Наваполацка і нават Мурманска. Гадоў 40 таму тут было 24 сядзібы, зараз жа засталося 16, прычым, толькі дзве – свабодныя. Што цікава, падабаюцца гэтыя мясціны не толькі людзям – на рапсавыя палеткі нярэдка заходзяць ласі і казулі, бывалі ваўкі, а некалькі гадоў таму адзін з агародаў нечакана для ўсіх аблюбаваў зубр.
Канечне, не ўсё бывае ідэальна. Так, хвалюе вяскоўцаў адсутнасць указальніка на населены пункт на цэнтральнай дарозе. Ранейшы чамусьці ўбралі (застаўся толькі на ўездзе, нябачны з-за павароту), а дабрацца без яго ў Краснае праблематычна: побач – Красная Горка, прычым, адразу з некалькімі завулкамі, якія называюць таксама Красным ці Мястэчкам. Ёсць рызыка заблытацца. Але ж гэта хутка вырашыцца, як і іншыя праблемныя пытанні, якія праз старэйшыну аператыўна перадаюцца ў сельвыканкам, да старшыні Віктара Віктаравіча Шаршнёва, які заўсёды ідзе насустрач. Ды і самі вяскоўцы, дачнікі робяць усё магчымае, каб наладзіць камфорт у наваколлі – абкошваюць, прыбіраюць, неабходныя сабе і суседзям тавары з горада прывозяць… Такая іх неабыякавасць, душэўнасць – яшчэ адна адметнасць гэтага прыгожага ва ўсіх сэнсах краю.
Сакрэт маладосці – праца на зямлі
Пашпартныя даныя дакладна памыляюцца! Да такой высновы прыйшлі, калі пазнаёміліся з Л.М.Чумак (на здымку) і Г.В.Клімік. Мужчына, скрупулёзна аглядаючы ў двары дэталі мотаблока, рыхтаваўся да выхаду ў агарод. Яго ж другая палавіна тым часам жвава перабірала вымытую бялізну – збіралася прапаласкаць у азярцы за лазняй. Такія, здаецца, маладыя і актыўныя – аднак разам ужо 43 гады і абое даўно на пенсіі.
Леанід Мікалаевіч – родам з Гарадка, аднак усё жыццё правёў тут, у хаце дзеда і бабулі, якія яго гадавалі. Да сельскагаспадарчых клопатаў быў прывычны, таму ў дарослым жыцці заўсёды трымаў вялікую гаспадарку – з дзвюма каровамі, парсючкамі, кабылай. Працаваў механізатарам, слесарам на мясцовай ферме, у вольны ж час любіў сядзібу да толку давесці, штосьці змайстраваць. Дарэчы, прыгаданая лазня, у якой зараз любяць папарыцца блізкія, – справа яго ўмелых рук.
Сваю суджаную – ураджэнку Ягадак, даярку мясцовай гаспадаркі – Л.М.Чумак сустрэў у Дубраўцы, куды аднойчы завітаў у госці да дзядзькі. Распісвацца не сталі: Галіна Валянцінаўна пабаялася, бо ўжо мела няўдалы сямейны вопыт. Але ж з’ехаліся і пражылі столькі часу ў згодзе. “Мы і на рыбалку разам ходзім, жарліцы, бучы ставім, а потым дружна дэгустуем прыгатаваны ўлоў”, – усміхаецца жанчына. Але ж галоўным сваім захапленнем яна называе кветкаводства. Ружы, півоні, цыніі – перад іх домам сапраўдны аазіс прыгажосці. Неверагодны пах – і ў двары, дзе на месцы былых агародных плантацый, на якія сіл ужо не хапае, квітнее канюшына.
У 19 стагоддзі вёска Краснае вядома як цэнтр аднайменнага маёнтка ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні. Паводле рэвізіі 1833 года, тут налічвалася 133 сялянскія душы, у 1846-м – 171. Дзейнічалі піваварны і вінакурны заводы, сяляне апрача земляробства займаліся лоўляй рыбы. Было адкрыта народнае вучылішча, у якім займаліся 23 хлопчыкі. З 1924-га вёска ўваходзіла ў склад Усайскага сельсавета Ульскага, а з 1931-га – Ушацкага раёнаў. У 1930 годзе тут створаны калгас “Чырвоная ніва”, працавала кузня. У Вялікую Айчынную вайну акупанты спалілі 59 двароў, загубілі 12 жыхароў, яшчэ 16 загінулі на фронце, 9 – у партызанах. На сённяшні дзень тут афіцыйна толькі трое пастаянных жыхароў.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.