Шчыра прызнацца, калі раніцай панядзелка намячала чарговы “аграрны маршрут”, з ліку акрэсленых прымаўкай васьмі восеньскіх работ абрала тую, што была самай цікавай для мяне асабіста – так сталася, што ніводнага разу не даводзілася бачыць, як убіраюць кукурузу на зерне.
Апошнім часам нашы гаспадаркі вырошчваюць гэтую культуру ў асноўным на зялёную масу – і адпаведна, восенню на кукурузныя палеткі выязджаюць КВК. На ўскрайку ж вялікага поля ля Стай, дзе ў апошнія гады гаспадарыць ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, стаялі тры зернеўборачныя камбайны са спецыяльнымі жняяркамі.
Гэтыя “Палессі” ўжо ўдарна папрацавалі на ўшацкіх палетках на ўборцы 600 гектараў збожжавых, пасля чаго механізатары Дзмітрый Палавінскі, Мікалай Шасцітка і Анатоль Петухоўскі (на здымку) за пару дзён пераналадзілі машыны пад “каралеву палёў” – памянялі падбарабанні, рэшаты, правялі рэгуліроўкі – і зноў выйшлі ў поле.
“На гэтым працэсе я ўпершыню, і хоць тут свая спецыфіка, прыстасаваўся хутка. Калі ўбіраеш кукурузу, трэба крыху больш канцэнтрацыі, бо неабходна сачыць, каб жатка ішла дакладна па радках, адлегласць паміж якімі каля 60 сантыметраў (на сілас расліна сеецца больш густа). Затое хуткасць крыху вышэйшая і каменне не дастаўляе такіх клопатаў, як на хлебных нівах. Пачаткі аддзяляюцца і ідуць на абмалот, а здробненыя рэшткі застаюцца на полі, мінералізуюцца пры раскладанні і служаць добрым угнаеннем для пасеваў наступнага года”, – тлумачыў нюансы справы Мікалай, які дазволіў паназіраць за працэсам са сваёй кабіны.
У Беларусі сёлета кукуруза на зерне пасеяна на 290 тысячах гектараў. А ў Расіі гэтая культура займае трэцяе месца па валавым зборы пасля пшаніцы і ячменю.
Першы бункер мы намалацілі за лічаныя хвіліны – і жоўценькае зерне бойка пасыпалася ў прычэп МАЗа. На адвозцы заняты 4-5 адзінак – плячо немалое: дастаўляюць ураджай на сушыльны комплекс у Лепелі, так што за дзень паспяваюць зрабіць 3-4 рэйсы. Там кукурузу давядуць да патрэбнай вільготнасці – такой жа, як у збожжавых, 13 працэнтаў – і пакладуць на захоўванне. Потым яна стане пажыўным кампанентам для камбікорму: для рацыёну свіней гэты складнік можа дасягаць 40 працэнтаў, для птушкі – каля 5.
“Сёлета на нашым участку прадпрыемства, які ўключае таксама бешанковіцкія і лепельскія тэрыторыі, кукуруза на зерне расла на 1700 гектарах. На ўшацкіх палетках пасеяны гібрыд “Радрыгес” сярэдняспелы – пры неблагой ураджайнасці гэты гатунак не надта патрабавальны. Калі ж завершым уборку тутэйшых 600 гектараў, камбайны пераедуць на палі, дзе расце познеспелы, – падзяліўся з намі начальнік участка, наш зямляк Ігар Іванюта. – Стараемся гаспадарыць рупліва і, канечне, укараняць наватарскія знаходкі. На суседнім полі вось зараз ідзе сяўба гібрыднага жыта “Тайо”. Уявіце сабе: на гектар плошчы патрабуецца ўсяго 70 кілаграмаў насення, тады як звычайнага ідзе каля 250. А ўсё таму, што гібрыд мае высокі каэфіцыент кушчэння: гэта значыць, з аднаго зярнятка можа вырасці да 12 каласоў! Ужо сеялі гэты сорт, і ён добра сябе праявіў – на ўчастку ля Баброва атрымалі 80 цэнтнераў з гектара!”.
Кукуруза можа вырасці толькі з дапамогай чалавека. У дзікай прыродзе пачатак проста ўпадзе на зямлю і згніе.
Якая ж цікавая гэта навука – агранамія, і якую важную справу робяць селекцыянеры, – наша размова з Ігарам у чарговы раз у гэтым упэўніла. Ды ўсё ж галоўнымі героямі палявых подзвігаў мы лічым механізатараў. Вось і прыгаданыя вышэй хлопцы, якія жывуць у іншых раёнах, на стайскіх палях лічы што прапісаліся: селетняй вясной рыхтавалі глебу, сеялі кукурузу і зерневыя, падкормлівалі ўсходы на “Расе” і “Тумане”, працавалі тут і летась. “Уставаць даводзіцца а пятай гадзіне, каб з Чашнікаў дабрацца да месца. Але нічога, я да такога рэжыму звыклы”, – зазначае Мікалай. Уплывае іх праца, дарэчы, і на паказчыкі раённай зводкі – прычым, станоўча. Так што і ў газеце нашай права быць адзначынымі работнікі “Віцебскаграпрадукта” відавочна заслужылі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.