Калектыў Ушацкага аддзела Следчага камітэта – адзін з самых маладых у раёне. Большасць яго супрацоўнікаў – немясцовыя, якія ўладкаваліся сюды зусім нядаўна. Але ж на вынік гэта не ўплывае: у першым паўгоддзі 2024-га ўсе паказчыкі службовай дзейнасці аказаліся вышэйшымі за сярэднеабласныя. Да таго ж у параўнанні з мінулым годам стала больш спраў з паскоранай вытворчасцю, палепшылася прафілактычная работа. Начальнік жа службы А.С.Мар’янкоў нічога звышнатуральнага ў дасягнутым не бачыць. Максімаліст па натуры, ён ва ўсім імкнецца да ідэалу.
Калі на той момант начальніку Пастаўскага РАСК Аляксандру Сяргеевічу прапанавалі кіраваць Ушацкім аддзелам, той ні хвіліны не раздумваў. “Дазвольце ўжо сёння прыступіць!” – агучыў ён і ўзяўся за пошук сваёй каманды. Звязваўся з віцебскімі і чашніцкімі калегамі, разглядаў кандыдатуры з Пастаў, “падняў на ногі”, здаецца, усю вобласць… Змяніць работу і прывычны ўклад жыцця, паехаць у незнаёмыя Ушачы пагадзіліся адразу некалькі спецыялістаў. Умее А.С.Мар’янкоў запэўніць, выклікаць давер.
Сваё жыццё ўраджэнец абласнога цэнтра не ўяўляе без следства. Пасля заканчэння следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС працаваў у Першамайскім РАСК г.Віцебска, быў старшым следчым Віцебскага гарадскога аддзела, намеснікам начальніка следчага аддзялення ў Чашніках, набываў вопыт ва ўпраўленні працэсуальнага кантролю, два гады ўзначальваў самы буйны ў сваёй катэгорыі Пастаўскі РАСК. Начальнікам жа Ушацкага стаў у студзені 2024-га.
– Вельмі падабаецца гэты ціхі, дагледжаны раён з добрай інфраструктурай, выдатнай прыродай, – прызнаецца Аляксандр Сяргеевіч. – А спарткомлекс “Юнацтва-Ушачы”, які рэгулярна наведваю, – лепшы з тых, што даводзілася бачыць. Было іх, дарэчы, нямала: больш 25 гадоў займаўся адзінаборствамі і ўвесь вольны час праводзіў у залах.
У цяперашняй службе, расказвае наш субяседнік, асаблівых цяжкасцяў не ўзнікае. У пераважнай большасці даводзіцца працаваць з фактамі незаконнай здабычы рыбы, захоўвання зброі і боепрыпасаў, ухілення ад выплаты аліментаў, ну і канечне, з крадзяжамі. Дзякуючы высокай раскрывальнасці, якую забяспечваюць супрацоўнікі міліцыі, цеснаму ўзаемадзеянню аддзела з пракуратурай больш за 90 працэнтаў спраў аператыўна накіроўваюцца ў суд. Так, напрыклад, у любы час можна звярнуцца да Наталлі Фёдараўны Аваднёвай, абмеркаваць з ёй праблемныя моманты.
Удзячны Аляксандр Сяргеевіч і сваім маладым калегам, якія на старце прафесійнай дзейнасці выкладаюцца на ўсе сто. Так, Вікторыя Віктараўна Татарчук, якая прыехала з Пастаў, усяго за паўгода стала старшым следчым. А нядаўна на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства ўвайшла ў тройку лепшых маладых спецыялістаў галіны: паказала клас у тэорыі і практыцы (да яе дзеянняў пры аглядзе ўмоўнага месца здарэння немагчыма было прыдрацца). У аддзеле Вікторыі часта давяраюць справы, у якіх задзейнічаны непаўналетнія: мяккая па натуры, яна ўмее знайсці падыход да кожнага. Ураджэнка Оршы Дзіяна Сяргееўна Батура, якая паспела папрацаваць у Талочыне і Віцебску, разбірае факты незаконнага захоўвання “арсеналу” – гэта яе моцны бок. Калі ж трэба некага разгаварыць, сабраць шмат інфармацыі, за справу бярэцца старшы следчы Наталля Анатольеўна Подраз. Дапамагаюць ёй у гэтым і ранейшая работа на пасадах юрысконсульта, судовага выканаўцы, і тое, што нарадзілася, вырасла на Ушаччыне.
Ну і, канечне, першым падказчыкам, памочнікам для дзяўчат з’яўляецца іх кіраўнік, ужо вопытны і напрактыкаваны.
– Якіх толькі спраў з 2012-га, калі пачынаў кар’еру, не было ў мяне на вытворчасці! – расказвае Аляксандр Сяргеевіч. – Добра памятаю першую – па факце крадзяжу ноўтбукаў з салона камп’ютарнай тэхнікі. Усе меркавалі, што гэта “глухар”, паколькі слядоў і сведак не аказалася. Злодзеем аказаўся супрацоўнік салона, які заклаў тэхніку ў ламбард. Дапамагло мне ў гэтым вывучэнне характараў, прыхільнасцяў калектыву, насцярожыла тое, што мужчына захапляўся азартнымі гульнямі і напярэдадні моцна прайграў.
Часта давяралі А.С.Мар’янкову справы, у якіх злодзеі не прызнавалі віну ці з вялікай колькасцю пацярпелых (было і пад 50). Так, цяжкавата, аднак у гэтым – асаблівы інтарэс для яго.
На абласным конкурсе, прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, тэматычны стэнд Ушацкага РАСК прызнаны адным з лепшых. Прапаганда патрыятызму з боку ўшацкіх следчых высока ацэнена Інстытутам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь – дэлегацыя ўстановы пабывала нядаўна з экскурсіяй у нашым раёне.
У ліку няпростых называе таксама злачынствы супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх, малалетніх, якіх, на жаль, таксама было ў практыцы нямала. Запомніўся выпадак з Чашнікаў. Пасля таго, як выйшаў з турмы, дзе адбываў пакаранне за забойства, мужчына ўзяўся “наводзіць парадкі” ў аддаленым ад горада населеным пункце. Паведаміць пра гэта людзі баяліся: той пагражаў расправай. Але ж без жорсткага пакарання – звыш 10 гадоў арышту – не застаўся.
Пра сваю службу А.С.Мар’янкоў расказвае з захапленнем. Сапраўдным адкрыццём для нас стала, напрыклад, магчымасць выяўлення пахавага следу – калі без прывычных адбіткаў пальцаў можна даказаць, што чалавек быў на месцы злачынства. УФ-ліхтарыкі, якія падсвечваюць нават замытую кроў на любой паверхні, – таксама не выдумка тэлевізійных дэтэктываў. І доступ да падобнага маюць ушацкія следчыя! Нядзіўна, што вынікі іх работы паляпшаюцца, аднаўляецца вытворчасць і па даўніх справах. У ліку такіх – па факце падпалу жылога дома, здзейсненага ў 2014 годзе, вінаваты ў бліжэйшы час панясе заслужанае пакаранне.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.