Лучшие товары Беларуси: мнения ушачан

Общество

1 верасня скончыўся прыём заявак на ўдзел у 23-м конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, які штогод праводзіцца па ініцыятыве Дзяржстандарта і аблвыканкамаў. За гэты час яго лаўрэатамі сталі дзясяткі тысяч узораў айчыннай прадукцыі. Пераможцаў вызначае кампетэнтнае журы, але ўплываць на вынік могуць і спажыўцы праз галасаванне на сайце. А якія беларускія тавары і брэнды вылучылі б на падобны конкурс нашы чытачы? Палічыўшы, што ў Год якасці абмеркаваць такую тэму будзе асабліва дарэчы, мы прайшліся па райцэнтры і задалі адпаведныя пытанні прадаўцам і пакупнікам.

С.Куляшоў і А.Лапёнак.

Гаспадыня папулярнай прыватнай крамы “Аліна” любімы тавар сваіх наведвальнікаў агучыла без ваганняў – вядома ж, пельмені “Уральскія новыя” Бярозаўскага мясакамбіната. “У летнія дні, калі ў раён прыязджала шмат дачнікаў, бывала, што за тыдзень разыходзілася па 300 кілаграмаў. Нават вадзіцелі-дальнабойшчыкі затарваліся, каб харчавацца ў паездках па Еўропе. Карыстаюцца попытам і каўбасы, рулеты, іншая бярозаўская прадукцыя, таму супрацоўнічаю з гэтым брэндам ужо доўгі час”, – падзялілася з намі Аліна Крацёнак.
А вось ушачанка Надзея Апёнак аддала свой голас за вырабы Брэсцкага мясакамбіната – у прыватнасці, сасіскі “Доктарскія” і “Малочныя”. “Набываю іх у “Санце” і “Еўраопце”. Смак натуральны і кошт прымальны – каля 11 рублёў”.

Жыхар Мосара Сяргей Куляшоў прагаласаваў за полацкую малочку, сярод якой вылучыў смятану “Сафійка” 26% тлустасці. “Ніколі не расчароўвае і маянэз “Правансаль Сталічны” брэнда “Камака”, – дадаў мужчына.

“Камунарку” назвалі самым годным айчынным брэндам ушачанкі Таіса Вайтулевіч і Вольга Шаблоўская. На прадпрыемстве выпускаюць каля 300 найменняў вырабаў і штогод распрацоўваюць парадка 20 навінак. Адну з нядаўніх – цукеркі пратэінавыя без цукру – вылучыла Таіса Гур’янаўна, а Вольга Іосіфаўна аддала свой голас за горкі шакалад. З прамысловай групы жанчыны назвалі кампанію “Світанак”, у прыватнасці, трыкатажныя футболкі, бялізну, начныя кашулі.

А.Крацёнак.

“Вызначыць лепшы харчовы тавар вельмі складана! – прызналася нам Дзіна Садоўская. – Але назаву, напэўна, чырвоную рыбу “Санта Брэмар”. Гэты беларускі брэнд старанна клапоціцца пра свой імідж, праводзіць не толькі стандартныя, а і дадатковыя праверкі якасці, і паказальны той факт, што наша марка з’яўляецца адным з лідараў попыту ў Расіі, дзе шмат уласных рыбаперапрацоўчых кампаній. Што датычыцца прамысловых тавараў, то тут па-за канкурэнцыяй беларускі лён. А ў якасці адметнай вылучу сёлетнюю калекцыю летняга адзення для ўсёй сям’і кампаніі “Mark Formelle”. Блузкі, сарафаны, шорты вельмі стыльныя і камфортныя, пры гэтым тканіна стала менш мяцца, так што высокую ацэнку брэнду хачу паставіць не толькі ад сябе, а і ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, якую ўзначальваю”.

Уладальніца крамы “Прэстыж” Святлана Свяжынская “таварам года” назвала свежую лінейку элегантных сукенак і касцюмаў гродзенскай кампаніі “Нэл-мода” – у іх, дарэчы, сустрэлі Дзень ведаў некаторыя ўшацкія педагогі. А гаспадар магазіна “КАМПіТЭЛ” Арцём Лапёнак – бытавую тэхніку беларускай кампаніі “АRESA”: “На нашых паліцах даволі шырокі асартымент гэтага брэнда. Ушачане ахвотна набываюць сокавыціскалкі, электрамясарубкі, кухонныя камбайны, фены і многае іншае – і нараканняў на якасць практычна не бывае”.
Ну а самы юны ўдзельнік апытання Глеб Хамёнак (на здымку) нічога не сказаў. Аднак красамоўна прагаласаваў за кобрынскую фабрыку “Палессе”, калі дэманстраваў нам сваю любімую машынку.

Спадзяемся, што наша падарожжа ў свет годнай айчыннай прадукцыі вас зацікавіла. Калі так – то прапануем працягнуць вылучэнне лепшых вырабаў і падзяліцца з намі сваімі “фаварытамі”.

Беларусь пастаўляе свае тавары амаль у 200 краін свету. Асноўнымі нашымі гандлёвымі партнёрамі з’яўляюцца Расія, Кітай, ААЭ, Германія, Польшча, Турцыя, Казахстан, Бразілія, Італія, Узбекістан, Літва, Індыя.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *