«Созвездие надежд»: чествование юных талантов района

Образование и молодежь

Новы навучальны – на старце, а школьнікі Ушаччыны ва ўсю атрымліваюць узнагароды. Не здзіўляйцеся: за некалькі дзён не паспелі яны паўдзельнічаць у сур’ёзных конкурсах, алімпіядах (не праводзяцца тыя так рана!) – проста збіралі “ўраджай” закладзеных летась ведаў ды старанняў. У музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка прайшло традыцыйнае мерапрыемства “Сузор’е надзей”, на якім ушаноўваліся юныя таленты раёна.

Юнакоў і дзяўчат, якія праславілі раён сваімі дасягненнямі ў вучобе, спорце, творчасці, віталі старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, начальнік аддзела па адукацыі Людміла Васільеўна Давыдава і Людміла Рыгораўна Карабань, якая займала такую пасаду з 1985 па 2013 гады і традыцыйна прыйшла на ўрачыстасць з падарункамі – кнігамі.

Гучных апладысментаў не шкадавалі прысутныя пераможцам абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Сярод іх – юныя хімікі з Ушацкай школы, вучні 9 і 10 класаў адпаведна (сёлета ўсе на год старэйшыя!) Анастасія Ларчанка і Кірыл Шук, а таксама біёлагі з гэтай жа ўстановы, дзесяцікласніцы Паліна Юркевіч і Ксенія Барысёнак. Нагадаем: у апошняй – дыплом І ступені на рэспубліцы!

Прадэманстравалі моц нашы школьнікі і ў даследчай рабоце. Так, васьмікласніцы Дар’я Краснова і Аляксандра Сіскевіч з Глыбачанскай СШ заваявалі дыплом вышэйшай ступені на абласным конкурсе “Я спазнаю свет” сярод вучняў 5-8 класаў, а “срэбранай” узнагародай адзначаны Ксенія Церашкавец і Анастасія Сяліцкая з той жа школы. Дзесяцікласніца Дамініка Лапіцкая з Вялікадолецкай стала прызёрам спаборніцтваў “Эўрыка” сярод навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебшчыны.

Самай прадстаўнічай традыцыйна аказалася дэлегацыя юных спартсменаў. У яе складзе – “зорачкі” абласных спаборніцтваў па біятлоне “Снежны снайпер” у малодшай узроставай групе з Вялікадолецкай СШ, а менавіта чацвёртакласніца Ксенія Бука, якая заваявала дыплом І ступені, а таксама Аляксандра Асіпёнак, Іван Карпёнак і Кірыл Пугач, якія сталі ўладальнікамі “бронзы” ў складзе каманды. Праявілі сябе і навучэнцы з Ушацкай СШ Яфім Ігнатовіч, Мікіта Жалейка, адразу трое Мацвеяў – Міхаль, Краўчанка і Кандрацкі, а таксама Ягор Заруба, Глеб Мурашоў і Аляксей Хадан, якія завітаць на ўрачыстасць не змаглі, паколькі ўжо сталі студэнтамі. У складзе раённай каманды на фінальных спаборніцтвах па міні-футболе ў праграме 36-й абласной спартакіяды школьнікаў хлопцы заваявалі дыплом ІІІ
ступені.

Праявілі сябе нашы землякі і ў творчасці. Так, прызёрамі абласнога фестывалю прававых ведаў у намінацыі “Лепшы клуб/атрад” у малодшай узроставай групе ў складзе каманды сталі Валерыя Гоман, Ганна і Ксенія Бука, Іван Карпёнак, Кірыл Пугач, Марыя Падворная з Вялікадолецкай СШ. Выхаванкі ж Ушацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Паліна Крупеня і Вікторыя Шарлай годна прэзентавалі свае работы на абласным этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”.

Намінанты, якіх у спісе 26, атрымалі грашовыя прэміі ад райвыканкама. А гэта добры стымул, каб працягнуць навучанне і сёлета зноў дасягнуць высокіх вяршыняў.

* * *

Галоўныя віноўнікі ўрачыстасці прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы, на якую запрасілі кіраўнік раёна і начальнік аддзела па адукацыі. У цікавым фармаце – як у эфіры тэлепраекта “Сто пытанняў даросламу” – разам абмеркавалі тэмы школьнага харчавання, прафілактыкі наркаманіі і курэння, дысцыпліны, уведзенае сёлета патрабаванне адмовіцца на час заняткаў ад тэлефонаў. Як бацька двух сыноў-школьнікаў Сяргей Сяргеевіч пажадаў менш часу праводзіць за гаджэтамі і ўважліва “фільтраваць” прапанаваную ў інтэрнэце інфармацыю, якая часам можа нашкодзіць. На пытанне ж вучаніцы з Глыбачкі, ці падабаецца работа, якой займаецца, С.С.Садоўскі адказаў упэўнена: “Не проста падабаецца – шчыра яе люблю, бо магу дапамагчы людзям, паўплываць на ўдасканаленне іх жыццядзейнасці. Мы пастаянна штосьці будуем, адкрываем, прыводзім у парадак – і спыняцца не збіраемся! Так, хутка адкрыем інтэрнат для спартсменаў ля “Юнацтва-Ушачы”, у бліжэйшых планах – уладкаваць паблізу лыжаролерную трасу, тэнісныя корты, скейт-пляцоўку, пашырыць футбольнае поле, дзе мяркуецца прадугледзець і трыбуны для гледачоў. Хочам адкрыць у райцэнтры краязнаўчы музей ды многае іншае. Усё робім у тым ліку для вас – маладых, актыўных, перспектыўных. Новых вам перамог!”

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *