Здымак гэтага маладога чалавека, напэўна, можна было б і не падпісваць – чытачы дакладна пазналі Артура Карабаня, бо бачаць яго партрэт на раённай Дошцы гонару, ды і героем газетных публікацый механізатар “Сафійскіх дароў” станавіўся даволі часта.
Яго дэбют на старонках “Патрыёта” адбыўся яшчэ 8 год таму: на фота навічок “Райаграсэрвіса” ўкладаў піраміду з сянажных рулонаў. У наступны раз былі кадры з “зялёнага канвеера”, потым – з трактарам на ворыве і на фоне “Расы” ў час падкормкі азімых, каларытныя здымкі з залатых жніўных палёў… “Дэкарацыі” мяняліся, ілюструючы яго станаўленне як работніка. Мянялася (нават двойчы) і назва гаспадаркі. А вось фірменная ўсмешка Артура нязменна заставалася шчырай і прамяністай.
Між тым, ураджэнцу Ільюшына ўсяго 27 – і ў фотагалерэі лепшых ушацкіх працаўнікоў на цэнтральнай плошчы ён самы малады. Але ўжо многае паспеў і, як кажуць, цвёрда стаіць на нагах. Скончыў Лепельскі ліцэй, павысіў кваліфікацыю ў вучэбным цэнтры райсельгасхарча і зараз можа кіраваць любой тэхнікай. Знайшоў сваё каханне – Юля, да слова, працуе ў гэтай жа гаспадарцы дыспетчарам. У сям’і, якой па хадайніцтве прадпрыемства выдзелілі арэндную кватэру, падрастаюць двое дзетак. Ёсць для каго старацца, мацаваць дабрабыт.
У аграрнай справе Артур сапраўдны ўніверсал, але любімымі працэсамі называе сяўбу і жніво. “Прыемна адразу бачыць след сваёй працы: роўненькія радкі пасля сеялкі, зжатыя палеткі. У такія моманты пра ўсе цяжкасці палявых будняў забываешся”, – дзяліўся меркаваннямі хлопец, калі ў адзін з летніх дзён мы ехалі ў кабіне яго “Нью-Холанда” на аддалены ўчастак ля Загор’я.
На гэтым адзіным у раёне зернеўборачным “іншаземцы” Артур праводзіў сёлета трэцяе жніво. Канечне, працаваць на ім – прывілея, якую механізатар заслужыў сваімі вартасцямі. Утульная кабіна, мяккі ход, разумная электроніка, а каб перайсці з зерня на рапс, дастаткова проста націснуць кнопку… Зрэшты, ёсць і праблемныя моманты. Прыдумалі гэтую тэхніку для работы на прасторных палетках, на нашых жа дробнаконтурных лапіках яе плюсы ператвараюцца ў мінусы. Аптымальныя для “Нью-Холанда” палі – з ураджайнасцю не менш 40 цэнтнераў з гектара, дзе можна развіваць хуткасць 12 кіламетраў у гадзіну – такія ўмовы гарантуюць найлепшую якасць уборкі. Калі ж маса зерня сціплая, ход павольны – каласы горш вымалочваюцца. Усе гэтыя нюансы камбайнеру трэба ўлічваць. Як і тое, што рамонт імпартнай машыны праблемны: дэталі дарагія ды і з дастаўкай вельмі складана. “Вось бы да наступнай уборачнай лапаткі ды біцеры памяняць, яны на якасць істотна ўплываюць, але ж каштуюць шмат…”, – разважаў Артур, прыпыняючы камбайн.
Між тым заімжэў дожджык. А праз некалькі хвілін прагучаў званок на мабільны і, выслухаўшы субяседніка, герой аповеду з усмешкай патлумачыў: “Старэйшы сынок Арсеній тэлефанаваў. Цікавіўся, ці купіў я ўжо ім з братам двух’ярусны ложак – яму толькі чатыры, але расце адважным, марыць спаць на другім паверсе. Мне ж зараз зусім некалі, у полі з ранку да цёмнага, вось і сказаў яму, што калі будзе дажджлівы дзень і нам дадуць выхадны – тады і схаджу ў краму. Дык сын убачыў кропелькі на шкле і абнадзеіўся!”.
Праз паўгадзіны выйшла сонца, падсушыла палеткі – і збожжа пасыпалася ў бункер… Але новую мэблю Арсеній усё ж атрымаў – праз некалькі дзён, калі лівень забяспечыў тату больш працяглы перапынак.
Сёлетняе жніво багатымі намалотамі камбайнераў, на жаль, не парадавала. Але кожны стараўся ўнесці сваю лепту ў хлебны каравай. А.Карабань на пэўным адрэзку ўваходзіў у лідарскую тройку раённага спаборніцтва, аднак фінішаваць у ёй не здолеў: сур’ёзная паломка вымусіла “сысці з дыстанцыі”. Без справы Артур, канечне, не застаўся: адразу перасеў за руль трактара – запрацаваў азімы рапс і зараз сее зерневыя. Высокапрадукцыйны пасяўны агрэгат “Хорш” кіраўніцтва гаспадаркі таксама даверыла яму. Бо ведае, што гэты талковы і старанны хлопец не падвядзе.
Наталля БАГДАНОВІЧ.