Александр Стома провёл в Ушачах приём граждан и “прямую телефонную линию”

Общество

Рабоце дэпутатаў у выбарчых акругах трэба ўдзяляць больш увагі. Гэты тэзіс быў адным з ключавых у нядаўняй размове Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігарам Сергяенкам. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што голас дэпутата – гэта інфармацыя непасрэдна з месцаў, самая цікавая і жывая, яна дазваляе рабіць пэўныя вывады.

Наш дэпутат ў Палаце прадстаўнікоў Аляксандр Мікалаевіч Стома за невялікі час работы ў парламенце ўжо паспеў прыкметна праявіць сябе ў акрэсленым напрамку дзейнасці. Да слова, рабіць гэта яму больш складана, чым некаторым іншым народным абраннікам: у склад Полацкай сельскай выбарчай акругі №28 уваходзіць тэрыторыя аж пяці раёнаў Віцебшчыны. “Работа дэпутатаў арганізавана такім чынам, што тры тыдні ў месяц мы працуем у Парламенце і адзін – у акрузе. Атрымліваецца, што на кожны раён магу вылучыць толькі дзень, а таму графік складаю шчыльны, каб паспець разгледзець максімум пытанняў. У той жа час лічу, што мне пашанцавала, бо ў кожнай паездцы адкрываю для сябе нешта новае, цікавае, бліжэй знаёмлюся з нашым цудоўным Прыдзвінскім краем”, – падзяліўся з намі ўражаннямі ад пачатку сваёй работы ў акрузе Аляксандр Мікалаевіч.

За чатыры месяцы ён неаднаразова бываў на Ушаччыне: сустракаўся з раённым кіраўніцтвам і працоўнымі калектывамі, аналізаваў дзейнасць сферы аховы здароўя, гандлёвага забеспячэння, працаўладкавання, праводзіў прыёмы грамадзян. Вось і напрыканцы мінулага тыдня ўважліва ўнікаў у пытанні, з якімі звярнуліся да яго нашы землякі. Адно з іх, напрыклад, датычылася працоўных праваадносін. Вясковец, які па дагаворы аказваў паслугі аднаму з сельгаспрадпрыемстваў, не дачакаўся абяцанага разліку. Аляксандр Мікалаевіч звязаўся з кіраўніком гаспадаркі, які запэўніў, што пытанне будзе вырашана.

У час візіту адбылася таксама прадметная размова з дырэктарам Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства Ганнай Хамёнак (на здымку). Дзейнасць спажывецкай кааперацыі ў апошні час пад асаблівым кантролем Прэзідэнта. І калі, напрыклад, на Брэстчыне гэта структура працуе прыбыткова, то ў нашай вобласці сітуацыя складаная. Пасля рэарганізацыі раённыя таварыствы страцілі самастойнасць, а значыць, і ініцыятыўны складнік. Як арганізаваць больш эфектыўную работу Ушацкага філіяла? Ці варта ўсе праблемы спісваць на аб’ектыўныя фактары? Аляксандр Мікалаевеч парэкамендаваў кіраўніцтву часцей выязджаць у кропкі па-за межамі раёна, кантраляваць асартымент і работу прадаўцоў.

Да слова, грунтоўны аналіз гэтай тэмы наш дэпутат будзе праводзіць і надалей. Падчас працы ў акругах народныя абраннікі вывучаюць грамадскую думку па пэўных пытаннях, рыхтуюць сваю ацэнку і накіроўваюць у інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне.

У цяперашні час, напрыклад, вывучаецца тэма кадравага забеспячэння сістэмы адукацыі. Дэпутаты высвятляюць у сваіх акругах, па якіх прадметах існуе дэфіцыт настаўнікаў і якія фактары ўплываюць на замацаванне маладых спецыялістаў. Ад многіх педагогаў даводзіцца чуць, што на іх жаданне працаваць у гэтай сферы негатыўна ўплывае празмерны “папяровы” абарот, неабходнасць весці шматлікую дакументацыю, з-за чаго застаецца менш часу на работу з дзецьмі. Як бачыце, пад увагу парламентарыяў трапляюць надзённыя пытанні самага шырокага спектру, і гэта нядзіўна, бо задача народных абраннікаў – зрабіць наша грамадства яшчэ больш дасканалым.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *