Всё для учёбы и развития есть в Ильюшинской школе

Общество

Кожны раз, калі даводзіцца бываць у Ільюшынскай сярэдняй школе, не перастаеш захапляцца і здзіўляцца. Ідэальная чысціня, утульнасць, ва ўсім адчуваецца густ і рука гаспадара. Адразу бачна, што працуюць тут людзі творчыя, неабыякавыя, для якіх школа – не проста месца работы, а другі дом.

– У нашым калектыве няма людзей раўнадушных, – нібы прачытаўшы мае думкі, гаворыць дырэктар Аляксандр Мікалаевіч Азевіч. – Кожная новая ідэя знаходзіць падтрымку. Мы стараемся, каб дзецям было ўтульна, каб у школу яны прыходзілі з вялікім жаданнем вучыцца і выхоўваліся ў атмасферы гармоніі і прыгажосці.
2011 год для Ільюшынскай школы асаблівы – юбілейны: за плячыма тры дзесяцігоддзі актыўнай педагагічнай дзейнасці. Зараз перад калектывам установы стаіць няпростая задача: падрыхтаваць цікавыя і насычаныя мерапрыемствы, каб адсвяткаваць юбілейную дату запамінальна.
Падчас падрыхтоўкі школы да новага навучальнага года ва ўстанове была праведзена значная работа па эстэтычным афармленні. Набылі шыкоўныя шторы. Зараз зайсці ў без таго чыстыя, акуратныя класы стала яшчэ прыемней. Па выніках раённага спаборніцтва па падрыхтоўцы агульнаадукацыйных устаноў да навучальнага года менавіта Ільюшынская школа стала пераможцам і атрымала ад мясцовага кіраўніцтва каштоўны падарунак – сучасны персанальны камп’ютар. Месцам “прапіскі” для яго стане кабінет замежнай мовы. Дарэчы, апошні на раённым конкурсе на лепшае афармленне (нараўне з кабінетам замежнай мовы Ушацкай школы) заняў першае месца.
Добрым стымулам для развіцця матэрыяльнай базы ўстановы стаў сертыфікат на суму тры мільёны рублёў, якія школа атрымала ў рамках дабрачыннай акцыі “Суперлато – дзецям”. За гэтыя сродкі набыта абсталяванне для спартыўнай залы. Напярэдадні першага верасня ААТ “Ільюшынскі” выдзеліла школе тры тоны зерня. Як расказаў нам А.М.Азевіч, сродкі ад яго пойдуць на набыццё ноўтбука.
Сведчанне таго, што вучні атрымліваюць у школе грунтоўныя веды, – высокі працэнт іх паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. 50 працэнтаў хлопцаў і дзяўчат, якія закончылі школу ў гэтым годзе, сталі студэнтамі ВНУ. Звесткі аб таленавітых выпускніках змешчаны на стылізаванай “Алеі зорак”, якая займае пачэснае месца ў сценах установы. Кожны год сярод пераможцаў і прызёраў розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па прадметах гучаць і прозвішчы вучняў Ільюшынскай школы.
Размаўляла з Аляксандрам Мікалаевічам і здзіўлялася. Як яго на ўсё хапае? Ён паспявае ўсюды, усё трымае на кантролі. Ніводная дробязь не выпадае з поля зроку вопытнага дырэктара. Пад яго кіраўніцтвам школа прыгажэе з кожным днём і ўжо сёння адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. І гэта не можа не радаваць. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з маленства выхоўваюцца ў атмасферы творчасці, абавязкова вырастуць дастойнымі і гарманічна развітымі людзьмі.

ЗАЛАТЫЯ РУКІ І ВЯЛІКАЕ СЭРЦА

Ганарыцца школа не толькі выпускнікамі, якім за 30 гадоў існавання дала пуцёўку ў жыццё, але і выдатнымі педагогамі, якія, акрамя прафесійнага майстэрства, славяцца сваімі талентамі. Да такіх педагогаў можна аднесці настаўніцу матэматыкі і абслугоўваючай працы Ганну Антонаўну Цвяцінскую.
Педагог, як гаворыцца, “хварэе” школай: выкладаецца “на ўсе сто” на ўроках, дапазна затрымліваецца на рабоце. Вучні з задавальненнем наведваюць заняткі любімай настаўніцы. І гэта зразумела: да ўсіх яна адносіцца па-мацярынску цёпла, кожнага ўмее зацікавіць. 
Нельга не захапляцца прыгажосцю, створанай рукамі Ганны Антонаўны. Сваім майстэрствам яна шчодра дзеліцца з вучнямі. Пад яе кіраўніцтвам з’яўляюцца на свет сапраўдныя шэдэўры. Падчас наведвання ўрока абслугоўваючай працы ў пятым класе, які праводзіла Г.А.Цвяцінская, давялося пабачыць, наколькі цесная наладжана ўзаемасувязь паміж настаўніцай і дзецьмі: маленькія гаспадыні з задавальненнем дэманстравалі свае здольнасці ў прыгатаванні бутэрбродаў, а Ганна Антонаўна дзялілася з дзяўчынкамі кулінарнымі сакрэтамі. Давялося нам і паспытаць прыгатаваныя бутэрброды – атрымаліся яны на славу!
Ёсць у педагогаў Ільюшынскай школы свая традыцыя: кожны год напярэдадні прафесійнага свята яны арганізуюць “Сустрэчу з цікавым чалавекам”. На гэты раз героем мерапрыемства стала Ганна Антонаўна. На ўрачысты вечар, які ладзіўся ў пятніцу, сабралася многа гасцей. Гучалі дарагія сэрцу ўспаміны, усплывалі ў памяці яркія моманты школьнага жыцця…
Калі трапляеш на такія мерапрыемствы, упэўніваешся, што ў школах нашага раёна працуюць неардынарныя, цікавыя педагогі. Вышэйшы клас яны паказваюць не толькі на ўроках, але і ў паўсядзённым жыцці.

ПРАЦЯГВАЕ ДЫНАСТЫЮ

Уласнае шчасце ў многім залежыць ад выбару прафесіі, бо менавіта на працоўным месцы праходзіць значная частка жыцця кожнага з нас. “Быць альбо не быць?” – такое пытанне перад чалавекам паўстае неаднойчы. І калі Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа пасля заканчэння Ушацкай школы імкнулася знайсці на яго адказ і выбраць адзіна правільную дарогу ў жыцці, яна без разважанняў прыняла рашэнне: “Абавязкова быць. І толькі настаўнікам”. А паўплывала на гэты выбар тое, што нарадзілася Ларыса ў настаўніцкай сям’і. Яе бабуля, маці, тата, старэйшая сястра значную частку свайго жыцця прысвяцілі педагогіцы, вывелі ў свет не адно пакаленне дзяцей. Дзяўчына не стала перарываць настаўніцкую дынастыю, паступіла ў Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П.М.Машэрава. Чалавек цікавы, творчы і неардынарны, Ларыса Уладзіміраўна і прафесію выбрала для сябе адпаведную – настаўніца нямецкай мовы.
Гэтая маладая энергічная дзяўчына – прыклад сучаснага настаўніка, які на “ты” з новымі тэхналогіямі і за якім цягнуцца дзеці. Шосты год яна працуе ў Ільюшынскай сярэдняй школе. За гэты час паспела дасягнуць значных вяршынь: прымала ўдзел у раённым этапе конкурсу “Настаўнік года-2011”, дзе заняла другое месца, у абласным конкурсе на лепшы відэаўрок атрымала дыплом другой ступені, зараз узначальвае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў нямецкай мовы.
Сакрэт паспяховай дзейнасці педагога, на думку самой гераіні, зусім просты:
– Трэба любіць дзяцей і тую справу, якой займаешся. І кожны раз, калі заходзіш у клас, перадаваць сваім вучням не толькі веды, але і добры настрой, станоўчыя эмоцыі, накіраванасць на поспех.
Упэўнена, што ў Ларысы Уладзіміраўны гэта атрымліваецца выдатна, бо калі чалавек займаецца любімай справай, для яго не існуе перашкод. Тым больш, што ўсе перадумовы для паспяховай дзейнасці ў школе створаны.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *