“Аўтобус на Усвіцу адпраўляецца з трэцяй платформы”, – гучыць голас дыспетчара, і пасажыры ажыўляюцца, бяруцца за паклажу. А асабліва радуецца пажылая жанчына, якой выходзіць на канцавой і хутчэй за ўсё – адной. Пазнала яна ў дынаміку інтанацыю Алены Канстанцінаўны Крысёнак, бо неаднойчы чула ад яе фразу, што супакойвала і абнадзейвала: “Не хвалюйцеся, абавязкова прыйдзе”.
Многіх пасажыраў ведае па голасе і вопытны аператар дыспетчарскага руху і пагрузачна-разгрузачных работ: на наступны год – тры дзясяткі, як прыйшла ў гэты згуртаваны калектыў. А перад тым прайшла моцны кастынг, у якім улічваўся і голас, і почырк, і абаяльнасць усмешкі.
Вось ужо дзесяцігоддзе Алена Канстанцінаўна сочыць за агульнай абстаноўкай на лініях, а перад гэтым была касірам, старэйшым касірам, і… выхавацелем. Так, пасля педвучылішча пачынала працоўную дзейнасць у дзіцячым садку, аднак праз некалькі год трапіла пад скарачэнне. Атрыманыя псіхалагічныя навыкі ніколі не былі лішнімі. З людзьмі яна гутарыць, як некалі з бацькамі выхаванцаў – спакойна і пераканаўча. А з калегамі-мужчынамі можа і ёмкі эпітэт прымяніць, ды ўсё роўна ў межах літаратурнай лексікі. Сачыць за культурай зносін прывучыў не толькі ўнутраны распарадак, але і мікрафон. Аднойчы яго забыліся адключыць. Нічога вострасюжэтнага, напэўна, “у эфіры” не было, інакш бы пасажыры не паведамілі пра гучную сувязь.
На тэлефоне яна з 5 да 10 раніцы і з 15 да 22. І не проста ў чаканні, а ў пастаяннай гатоўнасці, да якой прывучыў мінулы год. “Гэта я толькі спазніўся, ці ўсе так прыходзяць?”, – пытаўся і адначасова апраўдваўся тыдзень таму полацкі вадзіцель, калі “прышвартаваў” свой 40-гадовы “карабель” да платформы. І гэты малюнак – паказальны. Парк зношаны, нярэдкія паломкі і вось ужо другі год аб’езды на трасе Р-46. Расклад збіваецца, і ў абавязках дыспетчараў з’явіўся дадатковы пункт – сувязь з “чужымі” вадзіцелямі, якія паведамляюць, ці ёсць у салоне жыхары Кубліч, Жар, іншых населеных пунктаў, каб затрымаць рэйсы, дачакацца пасажыраў.
Леташні год “рэкордны” яшчэ і тым, што людзей начальнік участка Раман Фёдаравіч Рудзёнак дастаўляў нават на ўласнай машыне. Аўтобус зламаўся, у запасніках – нуль, і не аказалася ніводнай форткі ў іншых вадзіцеляў, якія маглі б падстрахаваць. Часцей за ўсё замену знаходзяць, і гэта абавязак дыспетчара. Як і ўдакладненне колькасці прададзеных квіткоў на Віцебск, калі адтуль не ведаюць, вялікі ці малы аўтобус пускаць на Ушачы. Вызначаюць “габарыты” і на ўласныя рэйсы – такая работа дыспетчара.
“Найперш звязваюся з начальнікам, які павінен ведаць абстаноўку і прымаць рашэнне. Вадзіцеляў зараз недахоп, на замену іх вырываеш з выхаднога ці ад асабістых спраў, тут ужо дапамагае веданне характараў, сямейных абставін. Мы столькі гадоў разам працуем, што хлопцы не адмаўляюць, тым больш што і ім ідзеш насустрач пры складанні графіку выездаў, улічваеш асабістыя просьбы. Нядаўна кіраўніцтва парка прыняло мудрае рашэнне аб добрых прэміяльных за звышурочныя выхады, так што ўгаворваць нікога не даводзіцца”, – кажа А.Крысёнак. Сама ж яна заахвочвалася не раз: сёлета яе прозвішча – на Дошцы гонару Ушацкага раёна, летась – АТП №6 г.Наваполацка.
Аднак самым складаным на памяці Алены Канстанцінаўны застаўся 2013-ы – год урагана Хаўер. Гурбы ў сакавіку стаялі метровыя, бачнасць пры завеі – нулявая, на дарогах – калапс, а ва ўшацкім аўтапарку на той момант наогул не было начальніка. Трымалі сувязь з Наваполацкам і вырашалі сітуацыю на месцы дыспетчары – у пары з А.Крысёнак тады працавала таксама вопытная Людміла Мікалаеўна Бернікава.
Непагадзі паўтараюцца штогод, і Алена Канстанцінаўна ведае самыя праблемныя трасы раёна, хоць і не ездзіць па іх: на Сорзава, Пуцілкавічы, Белае. А вось на схемы маршрутаў ніколі не глядзіць: памятае, як і час адпраўлення, на зубок. Прыгадвае, як у самым пачатку кар’еры толькі на адзін рэйс на Дубраўку, Кублічы, Касары прадавалі па 70 білетаў. Часы мяняюцца. Аднак, што б ні здарылася – адмена рэйсу, затрымкі – яны, як і раней, суправаджаюцца званкамі пасажыраў. Вось і Усвіцу прыгадалі невыпадкова – толькі аднойчы на тыдні цяпер туды заходзіць аўтобус, усяго адзін чалавек туды можа ехаць. Аднак які ён шчаслівы, калі чуе: “Не хвалюйцеся, аўтобус абавязкова прыйдзе”.
Вольга Караленка.