Партнёрства і ўзаемадапамога – тыя прынцыпы, на якіх здаўна грунтуюцца адносіны Беларусі і Расіі. На наш лёс выпала нямала агульных выпрабаванняў. Адным з такіх стала Чарнобыльская катастрофа, наступствы якой дагэтуль адчуваюць жыхары абедзьвюх краін. І невыпадкова вось ужо больш дваццаці год Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы рэалізуе праект па лячэнні і аздараўленні дзяцей з пацярпелых ад аварыі рэгіёнаў.
У гэтыя дні на Лепельшчыне ў рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына” адпачывае 140 хлопчыкаў і дзяўчынак. Прыехалі яны з Гомеля і з пасёлка Іўе, што на Гродзеншчыне – так, нават на захадзе нашай краіны ёсць забруджаныя тэрыторыі. У Расіі ж асноўны радыяцыйны ўдар прынялі на сябе Бранская, Тульская, Арлоўская і Калужская вобласці – менавіта школьнікі з апошняга рэгіёна ў гэты раз атрымалі бясплатныя пуцёўкі ў прыдзвінскую “Жамчужыну”.
Канечне, у праграме адпачынку – не толькі ўмацаванне здароўя, а і шэраг займальных, пазнавальных мерапрыемстваў. Асабліва запомніцца дзецям Дзень Саюзнай дзяржавы, ключавой падзеяй якога стала патрыятычная акцыя, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прыемна, што месцам яе правядзення была абрана гераічная Ушаччына. А разам з юнымі турыстамі ў наш раён прыехалі кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы Марыяна Шчоткіна, старшыня пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валерый Малашка, іншыя ганаровыя госці.
Пачалася праграма акцыі ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, дзе яе ўдзельнікаў прывітаў старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. У знак павагі і сяброўства Марыяна Акіндзінаўна перадала нашай установе дзве кнігі, выдадзеныя Пастаянным Камітэтам Саюзнай дзяржавы да юбілею вызвалення Беларусі (на здымку).
З непадробным захапленнем дзеці і дарослыя слухалі аповед экскурсаводаў, разглядалі і фатаграфавалі экспанаты. “Вельмі велічны музей, нават не чакалі, што ў такім невялікім гарадку можа быць нешта падобнае! А ўвогуле ў Беларусі нам вельмі падабаецца, адчуваем сябе тут, як дома!” – падзяліліся ўражаннямі калужскія старшакласніцы Соня Хрыпунова і Маша Шлома.
Не менш уразіў гасцей і мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Яны даведаліся пра падзеі, што адбываліся тут 80 год таму, прынялі ўдзел у мітынгу, усклалі кветкі да мемарыяльных пліт. Ушацкія культработнікі стварылі імправізаваны лясны лагер, дзе дзеці змаглі адчуць атмасферу партызанскага побыту, намаляваць антыфашысцкую лістоўку, разам з нашымі артыстамі праспяваць “Смуглянку” і “Кацюшу” – як аказалася, словы гэтых неўміручых песень добра ведаюць і расійскія, і беларускія школьнікі. А з якім апетытам частаваліся яны смачнай салдацкай кашай! І як прыемна было пачуць гаспадарам дружнае “Дзякуй!”, якое ў хвіліну развітання грымнула над мемарыялам сотняй звонкіх юных галасоў!
Марыяна Шчоткіна дала нашай газеце эксклюзіўны каментарый:
“Каб дасягнуць плёну ў выхаванні, варта не павучаць, а вучыць думаць. Лічу, што дзяцей і падлеткаў абавязкова трэба прывозіць у такія вось месцы рэальных сражэнняў. Мы сёння бачылі, як блішчэлі іх вочы, як блізка да сэрца прымалі яны гераічную і трагічную гісторыю тутэйшых партызан. Гэта і ёсць сапраўднае патрыятычнае выхаванне! Зямля ваша гераічная, шматпакутная – і вельмі добрая. І, канечне, мы шчыра ўдзячныя Ушаччыне за такі цёплы прыём!”
Наталля БАГДАНОВІЧ.