Варта вымавіць слова “Індыя”, і мы адразу ўспамінаем усялякія экзатычныя рэчы: ёгаў, дрэсіраваных кобраў, сланоў… Між тым, сапраўдныя індыйскія цуды можна сустрэць і на беларускай зямлі. Так, нядаўна “госць” з далёкай краіны “перасяліўся” на агарод Тамары Мікалаеўны Чэвідаевай з вёскі Дарошкавічы.
Калі мы ўпершыню ўбачылі гэтую мудрагелістую агародніну, якую яна аддала свайму сыну Аляксандру (на здымку), доўга не маглі паверыць, што гэта агурок. Па сваім выглядзе ён больш нагадваў змяю, якая ляніва скруцілася ад празмернай увагі да сябе, ці, у крайнім выпадку, саксафон арыгінальнага салатавага колеру.
Расце індыйскі агурок вельмі хутка: па восем-дзесяць сантыметраў за суткі. Самыя маладыя завязі маюць смак нашага звычайнага агурка, крыху старэйшыя – да 50 сантыметраў даўжынёй – больш нагадваюць кабачкі ці патысоны, а ўжо занадта вялікімі “экзэмплярамі” будуць рады паласавацца свінні ці карова. Вось такі цікавы “індывідуум”.