На гэтым тыдні старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі сустрэўся з жыхарамі вёскі Старое Сяло Жарскага сельсавета. Сустрэча атрымалася масавай, ажыўленай і доўжылася больш дзвюх гадзін. Некаторыя пытанні высвятляліся з выездам на месца.
У ліку праблемных – гандлёвае абслугоўванне, у прыватнасці, асартымент мясцовага магазіна. Паліцы не пустыя, але пералік тавараў сціплы, скардзіліся вяскоўцы на поўную адсутнасць запалак і цыгарэт. Справа тут не ў рабоце прадаўцоў ці ў тым, што Ушацкі філіял хоча кагосьці абдзяліць. Перабоі з таварамі здараюцца з-за таго, што многія пастаўшчыкі патрабуюць поўную перадаплату, а аблспажыўтаварыства, якое праводзіць усе фінансавыя разлікі, перажывае не самыя лепшыя часы. Сяргей Сяргеевіч сам азнаёміўся з асартыментам у вясковым магазіне і адразу звязаўся з кіраўніцтвам філіяла і аблспажыўтаварыства, якое паабяцала прыняць меры, каб ужо на наступны дзень у продажы былі запалкі, а потым і цыгарэты.
Паколькі ў населеным пункце адсутнічае клуб, прагучала пажаданне аб арганізацыі свята вёскі. Старшыня Жарскага сельвыканкама С.Ц.Міхейка паведаміла, што нядаўна ў Ільюшыне запрацаваў сельскі Дом культуры, які цяпер будзе займацца абслугоўваннем і жыхароў Старога Сяла. На верасень ужо запланавана свята вёскі, культработнікі рыхтуюць цікавую праграму.
Гаспадары адной з сядзіб не згодны з устаноўленымі нормамі водпуску цвёрдых відаў паліва, што рэалізуюцца насельніцтву па фіксаваных цэнах: 3,5 тоны паліўных брыкетаў або 4,9 кубаметра дроў на адно домаўладанне ў каляндарным годзе. Такіх аб’ёмаў ім не хапае, каб ацяпліць двухпавярховы дом. Адказ, што нормы
ўстаноўлены на заканадаўчым узроўні і не будуць мяняцца, канечне, не задаволіў. Аднак, трэба разумець, што дзяржава затрачвае немалыя сродкі, каб насельніцтва магло набыць указаныя аб’ёмы па льготным кошце.
Тэмы ацяплення датычыўся і зварот прадстаўнікоў утворанага газавага кааператыву, у якіх узніклі пэўныя арганізацыйныя праблемы па падключэнні да газаправода, які праведзены да філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Дарэчы, жадаючых абсталяваць газавае ацяпленне пакуль мала. А вось да электрычнага хацелі б падключыцца многія, але магутнасці мясцовых электрасетак ужо разабраны, а іх мадэрнізацыю варта чакаць не раней 2026 года.
Удзячны жыхары вёскі за новы асфальт, які нядаўна з’явіўся ад трасы Р-46 да населенага пункта. А вось па праезнай вуліцы Савецкай месцамі неабходны ямкавы рамонт – выправіць сітуацыю дадзены даручэнні адпаведнай службе.
Разумеюць вяскоўцы неабходнасць і важнасць для эканомікі і насельніцтва мясцовага прадпрыемства – філіяла “Ушацкі”, аднак турбуе іх непрыемны пах, які ўтвараецца ў працэсе вытворчасці. Як адзначыў кіраўнік раёна, на філіяле завяршаецца маштабная мадэрнізацыя, якая прадугледжвала ў тым ліку і ўстаноўку спецыяльнага біяфільтра, які дапаможа пазбавіцца ад паху, што ўтвараецца з парамі.
Па звестках сельсавета, у Старым Сяле зарэгістраваны 151 чалавек, з іх 77 – людзі працаздольнага ўзросту, 65 пенсіянераў і толькі 9 дзяцей.
Сваю праблему агучылі і жыхары вуліцы Заводскай, двары якіх запаўняюцца вадой у дажджлівы перыяд з-за верагодных няспраўнасцей у сістэме водаадвядзення. Пытанне
абмяркоўвалі з выездам на месца, ушацкаму ўчастку “Полацкводаканала” даручана разабрацца ў сітуацыі.
Зварот пажылой грамадзянкі меў асабісты характар і быў звязаны са штрафнымі санкцыямі за карыстанне вадой. Пасля высвятлення акалічнасцей ёй будзе дадзены адказ.
Як падкрэсліў С.С.Садоўскі, усе агучаныя пытанні будуць адпрацаваны, але ж зразумела, што на рашэнне многіх патрэбны як фінансавыя сродкі, так і пэўны час.
Вольга КАМАРКОВА.