Звычайна ў сем’ях падрыхтоўкай дзяцей да школы займаюцца мамы, грунтоўна падбіраючы канцылярыю, абутак, гардэроб, асабліва стараючыся дагадзіць дзяўчынкам. А ў сям’і Спірыдонавых з Матырына гэтая важная місія ляжыць на плячах таты. І не толькі зборы ў школу, а і ўсё астатняе – Мікалай Паўлавіч адзін выхоўвае дачушку Кацю.
Некалькі гадоў таму іх жыццё цалкам змяніў няшчасны выпадак – атрымаўшы ў аўтамабільнай аварыі сур’ёзныя траўмы, пайшла з жыцця жонка Мікалая. Бяда на кожнага ўплывае па-рознаму, мяняе погляды, характар, М.Спірыдонаў настроіў сябе на тое, што яму ёсць дзеля каго жыць. Абаснаваліся з дачкой у Матырыне, мужчына заняў сябе шматлікімі справамі, катэгарычна адмовіўся ад алкаголю. І сёння ў дрэваапрацоўчым цэху лясгаса, дзе ён працуе машыністам рубільнай машыны, яго характарызуюць як сумленнага і адказнага работніка. Канечне, няпроста спраўляцца з сямейнымі абавязкамі, але ён стараецца ўсё паспець. “Давялося навучыцца гатаваць, заплятаць косы ды хвосцікі дачушцы, займацца ўборкай, выкройваць час на ўрокі. Цяпер разумею, якая гэта непрыкметная, але вельмі важная жаночая праца”, – адзначае Мікалай Паўлавіч. На выручку прыходзяць родныя, якія дапамагаюць у бытавых пытаннях, падстрахоўваюць, калі ён на змене, а Кацярыну трэба сустрэць з заняткаў. Сёлета дзяўчынка пойдзе ў другі клас Ушацкай школы.
Даведаўшыся пра гэтую гісторыю, актыў раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын захацеў дапамагчы Мікалаю і Каці падрыхтавацца да новага навучальнага года. “Напярэдадні 1 верасня ў краіне традыцыйна праходзіць дабрачынная акцыя “Збяром дзяцей у школу”, у чарговы раз далучылася да яе наша аб’яднанне. Мы вырашылі запрасіць Мікалая Спірыдонава з дачкой ва ўнівермаг і падабраць для дзяўчынкі неабходныя рэчы”, – расказвае старшыня раённай арганізацыі БСЖ Дзіна Міхайлаўна
Садоўская.
“Мне падабаюцца сарафаны і белыя блузкі, іх мы яшчэ не купілі”, – хвалюючыся і моцна трымаючы тату за руку, прызналася на шопінгу Каця. – Часта падбіраць гардэроб мне дапамагае мая цёця, і ў таты ёсць густ!”
Але ў гэты раз ад такой місіі актывісты саюза жанчын Мікалая вызвалілі і літаральна за паўгадзіны падабралі не толькі сарафан, а і спаднічку з кофтачкамі, аплаціўшы пакупку.
На развітанне Мікалай шчыра дзякаваў жанчынам за ўвагу: “Гэта было нечакана, але вельмі прыемна. Бачу, што Каця хоць і вельмі саромелася, але засталася задаволенай, а для мяне галоўнае – бачыць усмешку на твары дачушкі!”. Будучай другакласніцы тым часам ужо не цярпелася вярнуцца дадому і яшчэ раз прымерыць новыя ўборы.
Рабіць такія добрыя справы нескладана і прыемна, далучайцеся да Беларускага саюза жанчын, і іх будзе больш!
Вольга КАМАРКОВА.
На здымку: Д.Садоўская і актывісты Беларускага саюза жанчын з сям’ёй Спірыдонавых ва ўнівермагу.