Ля тэматычнай фотазоны – з партай, глобусам, падручнікамі – небывалае ажыўленне. Зрабіць здымак, здаецца, спяшаюцца ўсе – каб і сваё дзяцінства прыгадаць, і на працоўныя будні настроіцца. Напярэдадні навага навучальнага года ў раёне прайшла традыцыйная педагагічная канферэнцыя.
Тое, што ў нас шмат таленавітых, адданых справе педагогаў, пацвердзіла выстава дасягненняў, арганізаваная ў фае Ушацкай школы. Сваімі напрацоўкамі ў даследчай рабоце, ваенна-патрыятычным выхаванні, выкарыстанні на занятках сучасных методык, гульняў дзяліліся з “калегамі па цэху” прадстаўнікі абсалютна ўсіх устаноў адукацыі. Кіраўнік раёна С.С.Садоўскі адзначыў, што многія матэрыялы спатрэбяцца краязнаўчаму музею, адкрыццё якога запланавана ва Ушачах.
Не пуставала і пляцоўка БРСМ, якая сімвалічна прэзетавала акцыю “У школу з добрым сэрцам”. Многія педагогі прыносілі сшыткі, альбомы і цэлыя наборы такіх рэчаў для навучэнцаў з мнагадзетных, малазабяспечаных сямей.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Л.В.Давыдава адзначыла, што ў Год якасці акцэнт робіцца на рост асноўных паказчыкаў, на фарміраванне ў педагогаў асабістай адказнасці за дасягненне высокіх вынікаў.
Вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню. Так, навучэнцамі і настаўнікамі праведзена значная работа па стварэнні віртуальных маршрутаў і карт-схем памятных месцаў ваеннай гісторыі, арганізацыі турысцка-экскурсійнай дзейнасці. У Глыбачанскай СШ працягваецца рэалізацыя праекта “Сцяна памяці”, работа пошукавага атрада “Краязнаўцы”, створаны медыярэсурс “Засталіся ў памяці навекі”. У Вялікадолецкай працавалі па праекце “Жывыя галасы вайны”: запісвалі ўспаміны ветэранаў, відавочцаў, манціравалі відэафільм.
За год школьнікі раёна заваявалі 48 дыпломаў абласнога ўзроўню, 3 – рэспубліканскага на конкурсах патрыятычнай накіраванасці.
На слыху ў многіх – поспехі школьнікаў на рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах. У рамках канферэнцыі пераможцам заключнага этапу Кацярыне Мартынюк (цяпер студэнтцы Віцебскага медуніверсітэта) і вучаніцы Ушацкай школы Ксеніі Барысёнак, якая стала яшчэ прызёрам Міжнароднай алімпіяды па біялогіі імя Авіцэны, – уручаны пасведчанні аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
“І ўсё ж нам ёсць над чым працаваць! – зазначыла Людміла Васільеўна. – Другі раз выпускнікі 11 класаў прайшлі атэстацыю ў форме цэнтралізаванага экзамену. Сярэдні бал па яго выніках склаў па раёне 54,6, што ніжэй за абласны паказчык (63,8). Пісалі адзінаццацікласнікі і рэспубліканскую кантрольную работу па гісторыі Беларусі – і таксама не дацягнулі, атрымаўшы ў сярэднім 6,7 пры 7,81 на Віцебшчыне”.
У раёне традыцыйна паклапаціліся, каб новы навучальны стаў для дзяцей максімальна камфортным. Ва ўсіх установах адукацыі праведзены рамонт, абноўлена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, набыты рэмкамплекты для абнаўлення вучнёўскай мэблі, умацавана матэрыяльна-тэхнічная база. На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткавана больш за 350 тысяч рублёў, а на фінансаванне галіны на 2024 год – 11,9 мільёна.
Сёлета традыцыйна быў складзены рэйтынг навучальных устаноў раёна, які ўлічыў асноўныя паказчыкі работы педкалектываў. Сярод дашкольных першае месца заняў дзіцячы сад №2 г.п.Ушачы. Сярод школ лідарам неўпершыню стала Глыбачанская.
Дбаюць у аддзеле і пра бяспеку. Усюды наладжаны прапускны рэжым, працягваецца работа па прафілактыцы траўматызму, абсталяванні аб’ектаў сістэмамі трывожнай сігналізацыі, відэаназіраннем. Для падвозу вясковых дзяцей задзейнічана 10 школьных аўтобусаў, плануецца пастаўка яшчэ аднаго да канца года.
Шмат узнагарод, у тым ліку ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, аддзела па адукацыі атрымалі педагогі падчас мерапрыемства. Ганаровай граматай упраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама адзначаны намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ушацкай СШ Маргарыта Васільеўна Далжонак, настаўнік замежнай мовы Глыбачанскай СШ Таіса Ігараўна Церашкавец і музычны кіраўнік дзіцячага сада №2 г.п.Ушачы Вераніка Васільеўна Герасімава. Не забыліся арганізатары мерапрыемства, ганаровыя госці і пра ветэранаў – падзякавалі за шматгадовую дзейнасць на ніве адукацыі, уручылі сувеніры і кветкі. Менавіта з іх можа браць прыклад маладое папаўненне настаўнікаў. Сёлета іх 9, прычым большасць – ураджэнцы Ушаччыны.
Старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі, яго намеснік, член прэзідыума раённага Савета дэпутатаў В.Л.Хамёнак падзякавалі педкалектыву за прафессіяналізм. З цёплымі віншаваннямі выступіла былы начальнік аддзела адукацыі Людміла Рыгораўна Карабань.
У перспектыве ва Ушачах будзе вывучацца кітайская мова – выкладчык англійскай пройдзе перападрыхтоўку ў БДУ.
Акцыю “Першы раз у першы клас” правяла раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі. Наборы канцылярскіх прылад атрымалі 13 будучых першакласнікаў, бацькі якіх заняты ў сістэме.
Расквецілі мерапрыемства выхаванцы дашкольных устаноў і першакласнікі – чыталі вясёлыя вершы, выступалі з харэаграфічнымі нумарамі. Прагучаў на канферэнцыі і першы званок для настаўнікаў – яго далі Ксенія Барысёнак і ўшацкі першакласнік Раман Форсман.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.