Аварыйную брыгаду Ушацкага раёна газазабеспячэння раніцай застала за выклікам на вуліцу Фрунзэ. Уцечка газу, на шчасце, была ўмоўнай, а вось адпрацоўка дзеянняў на вучэбна-трэніровачных занятках – планавай. Аднак ні слесар Дзмітрый Уладзіміравіч Кулагін, ні вадзіцель Яўген Аляксандравіч Ляхоўскі не хваляваліся. Устройства шафных рэгулятарных пунктаў яны ведаюць, як кажуць, з заплюшчанымі вачыма. Як і тое, што не прыкрые іх на агрэхі майстар Ігар Алегавіч Пятніца, які ацэньвае дзеянні брыгады. Сітуацыя ўмоўная, а праверка навыкаў – самая сапраўдная, бо каму-каму, а аварыйшчыкам вучыцца трэба ўсё жыццё.
“Мы ж універсалы, тыя, хто без высвятлення прычын выязджае па першым выкліку, таму павінны ўсё ўмець”, – з гонарам паведаміў Я.Ляхоўскі. Шмат новага суперсучаснага абсталявання давялося асвоіць за дзесяцігоддзі вопытнаму супрацоўніку. Нягледзячы на тое, што па штаце ён вадзіцель – ведае і работу слесара. Так, на поўнай узаемазамяняльнасці прафесій і працуе служба, а калі ўлічыць патрабаванні да “выбуховай” галіны, то вучыцца пры двайных, трайных абавязках даводзіцца пастаянна. І нездарма сёлета іх прафесійнае свята супала з Днём ведаў.
Вучоба ці планавая замена абсталявання па заяўках абанентаў – толькі калі няма выклікаў па “104” ці спрацовак па ўнутранай сістэме газаправода. На прыборах – нязначны перапад ціску – і брыгада на размеркавальным пункце. Уцечку газу, на якую могуць скардзіцца абаненты, правяраюць, не адчыняючы дзвярэй кватэры, з дапамогай лазернага прыбору. Экстранныя выклікі здараюцца нячаста і хутчэй за ўсё не ўяўляюць сапраўднай пагрозы. Аднак гатовымі да іх трэба быць у любую хвіліну. “У Віцебску нядаўна арганізацыя пры земляных работах парвала газаправод, трэба было тэрмінова перакрываць падачу газу”, – прыгадвае свежы прыклад галоўны інжынер Д.В.Карэйша.
Калі нешта падобнае адбылося б у гарпасёлку, ушачане гэтага б і не прыкмецілі. Бо сёлета завершана ўнутраная закальцоўка сістэмы. Раз у чатыры месяцы супрацоўнікі арганізацыі пешшу абходзяць і абследуюць 102 кіламетры вонкавых ліній. Усе работы нацэлены па бесперапынную і бяспечную падачу газа. Аднак калі ў вучэбным класе Д.Кулагін і Я.Ляхоўскі падышлі не да пліт, а да газавых катлоў, здзівілася. Ды спецыялісты паўтарылі, што ўніверсалы, таму і з гэтым абсталяваннем спраўляюцца. І дакладна не дадуць замерзнуць у халодны час, хоць на абслугоўванні ўжо 620 катлоў самых розных марак. Запчастак у асартыменце на ўсе мадыфікацыі, канечне, няма, аднак, на самы крайні выпадак ёсць падменны кацёл. Так, колькасць абанентаў балоннага газу скарачаецца – іх 4073, а прыроднага павялічваецца – 2758. І гэты сегмент прымушае развівацца. Ужо трое спецыялістаў Ушацкага раёна газазабеспячэння прайшлі паглыбленыя курсы па абслугоўванні катлоў. На дапамогу слесару ўнутрыдамавога газавага абсталявання В.А.Селезню прыйшлі Віталь Клачок і Аляксандр Дрозд. Ну а нагрузка Віктара Анатольевіча ацэнена кіраўніцтвам – да прафесійнага свята ён узнагароджаны Ганаровай граматай ВУ “Полацкгаз”. Такую ж адзнаку “Віцебскаблгаза” атрымаў электрагазазваршчык Юрый Уладзіміравіч Саўчанка. “Дзясятку”, прычым не толькі да святаў, а і бягучых адзнаках можна паставіць і ўсяму зладжанаму калектыву раёна газазабеспячэння. Бездакорнае выкананне службовых абавязкаў – такой характарыстыкі заслугоўваюць усе без выключэння 38 членаў калектыву.
“Хачу падзякаваць нашым спецыялістам за прафесіяналізм, культуру абслугоўвання, імкненне не спыняцца на дасягнутым і асвойваць новае. За тое, што толькі добрыя водгукі паступаюць ад нашых кліентаў, – кажа начальнік раёна газазабеспячэння Андрэй Ігаравіч Залеўскі. – І сённяшнім працуючым, і ветэранам арганізацыі жадаю моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, мірнага неба над галавой і размеранага, планавага развіцця нашай краіны”.
Вольга Караленка.