«Движение — это жизнь!»: велотуристы-пенсионеры покоряют Ушаччину

Общество

Скардзіцеся на ціск, болі ў спіне і слабасць у нагах? Лічыце, што ў спякоту лепш сядзець дома, а ўзрост –перашкода падарожжам? З вамі на гэты конт паспрачаюцца велатурысты з Мінска, Маладзечна, Барысава і Глыбокага, якія нядаўна падарожнічалі па Ушацкім раёне.

Не першы год гэтыя пажылыя, але вельмі актыўныя людзі летам адпраўляюцца ў велапаход і ўжо ў трэці раз уключаюць у свой маршрут Ушаччыну – вельмі спадабаліся ім нашы краявіды і славутасці. Вось і сёлета з тыднёвага падарожжа палову часу правялі ў раёне. Пабывалі не толькі ў гарпасёлку, а і Бычках, Кублічах, “Лясных азёрах”, Вечаллі і зусім не хацелі пакідаць берагі Крывога, дзе рабілі турыстычны прывал. Уявіце сабе, што сярэдні ўзрост турыстаў – 67,5 года, а працягласць іх маршруту склала больш трохсот кіламетраў. Усё неабходнае – за плячыма, ад палатак да кацялкоў для прыгатавання ежы, на шляху затарваліся прадуктамі.

– Рух – гэта жыццё, не трэба сядзець і слухаць, што дзе баліць. Спорт, аптымізм, цікавыя зносіны і добрыя эмоцыі – вось рэцэпт даўгалецця. Скажу, што для цікавых вандровак, нават такіх працяглых, як нашы, не абавязкова мець наварочаны веласіпед, – зазначае майстар спорту і галоўны завадатар паездак Сяргей Мікалаевіч Бялкоў. – Мой, напрыклад, падарылі сябры ў канцы 80-х. Канечне, хадавая частка мянялася, а вось астатнія элемены – ранейшыя. Савецкая якасць на вышыні! Дадам, што ўшачанам вельмі пашанцавала жыць у такім прыгожым краі.

Пасля нашага раёна падарожнікі накіраваліся ў Глыбокае, ну а потым на цягніку вярнуліся ў Маладзечна.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *