Ушачане приняли участие в празднике национальных культур в Миорах

Общество

Такі абласны форум праходзіць раз у два гады ў Міёрах і выклікае цікавасць у вельмі многіх людзей. На гэты раз больш за трыста прадстаўнікоў розных народаў сабраліся разам на свята нацыянальных культур “Нас з’яднала зямля Беларусі”.
Як заўсёды, арганізацыйнымі пытаннямі, фарміраваннем выязнога калектыву займаліся работнікі раённага метадычнага цэнтра.
– У гэтым незвычайным мерапрыемстве абласнога маштабу стаў традыцыйным удзел народнага клуба нацыянальных культур “Дружба” Ільюшынскага СДК, іншых яркіх жыхароў нашага раёна, – расказала метадыст па фальклоры Іна Сяргееўна Клімава. – На гэты раз з намі ў Міёры накіраваўся У.І.Мамаеў, актывіст хору народнага клуба “Ветэран” РДК, які прадстаўляў казахаў. Упершыню ў праграме быў задзейнічаны народны інструмент – загадчыца аўтаклуба І.Коршун іграла на цымбалах.
– Цікава была падрыхтавана візітоўка Ільюшынскага клуба, якая называлася “Вянок дружбы”, – гаворыць рэжысёр РМЦ І.С.Клачок. – У ёй былі адлюстраваны звесткі аб гэтым аматарскім аб’яднанні, удзельнікамі якога з’яўляюцца прадстаўнікі васьмі нацыянальнасцяў. Ад кожнай з іх у вянок упляталася свая кветка. А потым ільюшынцы запрасілі прысутных да стала з самымі рознымі пачастункамі. Прапаноўваліся казахскія манты, башкірскі чак-чак, украінскія варэнікі, беларускія клёцкі, памідоры, фаршыраваныя па-варшаўску, рускія бліны.
Не першы раз удзельнічае ў такіх святах сябра народнага клуба творчых сустрэч “Муза” РДК Г.А.Лапёнак і, па яе словах, сёлетняе парадавала сваімі ўсё ж адметнымі фарбамі. Праходзіла яно ў цудоўным месцы, на тэрыторыі зоны адпачынку Паўвостраў. Вельмі спадабаліся кітайскі і яўрэйскі калектывы з Віцебска, клуб армянскай культуры “ХАШ” з Полацка.
Змястоўнай была праграма ад нашага раёна. В.Гугіна і А.Апёнак праспявалі ўкраінскія песні, Г.Краўчонак – польскую. В.Візгалава выканала башкірскі танец, В.Мацулевіч і Ю.Канстанцінаў – рускую “Барыню”, Г.Лапёнак прачытала ўласны верш, У.Мамаеў вітаў удзельнікаў па-казахску. Выступілі паспяхова. Аказала на гэта ўплыў і непасрэдна падтрымка на месцы з боку начальніка аддзела культуры райвыканкама С.Д.Гарбачова і дырэктара раённага Дома культуры А.А.Гарбачовай.
Вярталіся ўдзельнікі выязной групы з прыўзнятым настроем. Яны яшчэ раз парадаваліся таму, якая вясёлка нацыянальных культур ззяе ўсімі колерамі ў нашай краіне і як аднолькава сардэчна адносяцца беларусы да ўсіх.
Ну а на наступны год падобнае мерапрыемства пройдзе на рэспубліканскім узроўні. І прадстаўляць наш раён, хутчэй за ўсё, будзе клуб “Дружба”. Вельмі ж ён спадабаўся як журы, так і іншым удзельнікам, мясцовым гледачам, а таксама калегам – журналістам з абласных газет.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *