Праздник агрогородка Ильюшино: каким было гуляние, которое запомнится надолго?

Калейдоскоп

Сапраўднае масавае мерапрыемства можа атрымацца годным, цікавым, толькі калі ў яго правядзенні задзейнічана максімальнае кола людзей. Менавіта так і было ў нас у Ільюшыне ў мінулую суботу на свяце аграгарадка, дзе столькі разоў мы смяяліся ад цікавых нумароў і плакалі ад пранікнёных выступленняў.

Адным з першых было У.А.Крывапушчанкі. Усімі паважаны былы старшыня калгаса быццам апынуўся сярод нас – яго відэавіншаванне напярэдадні запісалі арганізатары свята – культработнікі Алег і Анжэла Івановы і старшыня ветэранскай арганізацыі Таццяна Аўтух. Хоць і жыве зараз Уладзімір Антонавіч у Селішчы, за 26 год кіравання “Дружбай” – часамі развіцця гаспадаркі і нашай некалі маленькай вёсачкі, ён стаў блізкім і вельмі дарагім для ўсіх чалавекам. Заўсёды здымаюць шапку ільюшынцы і перад яго пераемнікам Сяргеем Пятровічам Жураўлёвым, які ў сваім выступленні прыгадаў многіх перадавікоў: даярку Марыю Міронаўну Палонскую, свінарку Марыю Васільеўну Самсонаву, трактарыстаў Міхаіла Міхайлавіча Дука і Пятра Паўлавіча Пугача, цялятніцу Марыю Сямёнаўну Карабань, вадзіцеляў Генадзя Уладзіміравіча Куца і Мікалая Сцяпанавіча Дука.

Канечне, гэта далёка не ўсе слаўныя імёны нашых землякоў: працягвалі спіс і расказвалі пра сённяшнюю сітуацыю дырэктар ААТ ”Ільюшынскі” Сяргей Анатольевіч Халімоненка і старшыня сельвыканкама Святлана Цімафееўна Міхейка. Яна адзначыла і пастаянных памочнікаў ў справах добраўпарадкавання школьніка Аляксандра Бегуна і Васіля Фёдаравіча Вінніка. Апошняга ўсе віталі гучнымі апладысментамі, паколькі напярэдадні наш актывіст адзначыў 65-гадовы юбілей.

Хоць і жывём у адным населеным пункце, але колькі талентаў адкрылі для сябе падчас знаёмства з працяглай выставай творчасці. Тут і карціны сям’і Кемстач, і драўляныя шэдэўры Сяргея Іванавіча Полазава, і плеценыя кручком абрусы Рыты Генадзьеўны Клопавай, вышыванкі Ларысы Карпаўны Алексяёнак і макрамэ Ганны Антонаўны Цвяцінскай, сувеніры з папяровых трубачак Веранікі і Максіма Міхейка. А таксама фотаздымкі з конкурсу нашых дагледжаных сядзіб і пышныя букеты з іх палісадаў.

А яшчэ ў нас у гэты дзень з’явіўся ўласны гімн: словы напісала настаўніца Ірына Сяргееўна Казачонак, а музыку загадчык СДК А.Б.Іваноў.

Якія эмоцыі ў ільюшынцаў выклікалі ўсе гэтыя сюрпрызы? Успышкі авацый. Зразумела, і пад россыпы феерверку, які расквеціў начное неба. Так, дзякуючы індывідуальнаму прадпрымальніку Сяргею Пятровічу Палякову быў салодкі стол і нават салют у завяршэнні дыскатэкі, на якой танчылі і дзеці, і дарослыя.

Некалькі дзён мінула пасля нашага свята аграгарадка, а эмоцыі не заціхаюць. Усё прыгадваем і абмяркоўваем, усхваляем арганізатараў, не можам не нарадавацца, што ажыло Ільюшына, у нас стала так цікава. Вялікі дзякуй за свята і падораную радасць.

Вольга ЛОГІНАВА
ад імя ўдзячных удзельнікаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *