Пляжный волейбол в Ушачах: новые победы и любимые развлечения

Cпорт

Шчодры жнівень дорыць нам выдатнае надвор’е, і гэтым часам на галоўным гарадскім пляжы ля Вечалля мнагалюдна – многія жадаюць змястоўна правесці апошнія дзянькі канікул і водпускаў. У мінулыя выхадныя тут пабывалі і мы – і атрымалі шмат станоўчых эмоцый. А яшчэ прыкмецілі, што за ўвесь час ні хвіліны не пуставала валейбольная пляцоўка, абсталяваная на пляжы: ладзілі гульнявыя камбінацыі вопытныя хлопцы, з запалам стараліся трымаць мяч у паветры сямейныя каманды. Сапраўды, валейбол – адзін з самых даступных і папулярных відаў спорту. І прыемна, што ва Ушачах намагаюцца развіваць яго пляжную разнавіднасць, гульню, якая вельмі распаўсюджана ў свеце і ўваходзіць у алімпійскую праграму.

“Вельмі добра, што ў нас пабудавалі такую пляцоўку – гэтым летам мы правялі тут не адну вольную гадзіну!”, – падзяліліся з намі ўшацкія юнакі Ілья Мялешка і Павел Аўдочанка. Былыя аднакласнікі з дзяцінства сябруюць са спортам: пра адметныя поспехі першага на бегавых дарожках мы неаднаразова расказвалі, а вось любімы від Пашы – менавіта валейбол. Захапіўся ім сёлетні выпускнік Ушацкай СШ з сёмага класа, калі пачаў наведваць школьную секцыю. А прыкладам для сябе ў гэтым спорце лічыць… Паўла Аўдочанку: гэта адзін з лепшых валейбалістаў нашай краіны, які гуляе за славутыя клубы Беларусі і Расіі і з’яўляецца яго поўным цёзкам.

У нашага ж земляка дасягненні пакуль не такія знакавыя, але яны ёсць: днямі хлопец стаў двухразовым пераможцам раённага турніру па пляжным валейболе сярод дзяцей і падлеткаў, які праводзіў фізкультурна-спартыўны клуб. Першае месца ён заваяваў у дуэце з ушацкім 11-класнікам Паўлам Федарэнкам, ва ўпартай барацьбе перайграўшы двух Уладзіславаў – Вінніка і Тарашкевіча. А вось Ілья Мялешка папоўніў сваю медалёвую калекцыю валейбольнай “бронзай”. Усе прызёры атрымалі ў падарунак сертыфікаты на наведванне спарткомплексу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *