Сарочынскі
Абноўлены помнік
У ліпені завяршылася добраўпарадкаванне помніка загінуўшым мірным жыхарам у вёсцы Слабада, размешчанага ля былой школы. Яшчэ вясной падчас рэспубліканскага суботніка там працаваў масавы дэсант на чале са старшынёй райвыканкама С.С.Садоўскім і сенатарамі С.М.Мялешкіным і Н.М.Марковіч. Наталля Мікалаеўна ўзначальвае і раённую арганізацыю аб’яднання “Белая Русь”, якая разам з цэнтрам банкаўскіх паслуг №237 “Белаграпрамбанка” сталі спонсарамі ў набыцці пліткі, якой укладзена працяглая дарожка ад асфальту да помніка і тэрыторыя вакол яго.
Вялікадолецкі
Альтанка пад ліпай
Усё лета ад спёкі, вятроў і дажджу ўкрывае жыхароў вёскі Заазер’е на месцы чакання аўталаўкі трывалая металічная альтанка. Ідэя вітала ў паветры даўно, а вось ажыццявілася з вяртаннем на малую радзіму Леаніда Восіпавіча Няміра, які ўзяў на сябе асноўны клопат па зборы сродкаў, пошуку матэрыялу і непасрэдна мантажы. Замяніў ён на новыя і драўляныя лаўкі ўнутры альтанкі. А вось месца ўстаноўкі не краналі – яно пад векавой ліпай на скрыжаванні вуліц. Сродкі на добрую справу здавалі як пастаянныя жыхары, так і дачнікі.
Жарскі
І разрастаецца вёска
Мінчанін Уладзімір Коваль лічыць, што кожны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і вырасціць сыноў. Сваіх ён так і выхаваў. І таму зараз у вёсцы Звонь чатыры ўчасткі маюць уласнікаў з гэтым прозвішчам. Акрамя яго брата Міхаіла праз аўкцыён надзелы набылі юнакі, якім бацька дапамагае толькі парадай ці з афармленнем дакументаў. Астатні вопыт жыцця набываюць самастойна.
Глыбачанскі
Новы абраннік
Старэйшынам вёскі Двор Усвея абралі Святлану Леанідаўну Папову. Хоць палачанка і не мае ўшацкіх каранёў, а на беразе возера спачатку набывала дачу, якая апошнім часам стала пастаянным месцам пражывання. Жанчына правяла электраацяпленне і гарадскія выгоды, а яшчэ навяла ўзорны парадак вакол дома з малымі архітэктурнымі формамі, што і шыльду з адпаведным зместам вешаць не сорамна. Старэйшына і павінен паказваць прыклад.
Кубліцкі
Асвяцілі месца пахавання
Могілкі вёскі Мажуйкі на самой справе лічацца радавымі таксама для жыхароў Двор Зерчаніц, Анікеўшчыны, Мар’янполля. Неаднойчы там праводзілася абрэзка і выдаленне аварыйных дрэў, суботнікі па добраўпарадкаванні з удзелам саміх вяскоўцаў. І вось сёлета яны зноў сабраліся разам, каб паклікаць і духоўную абарону. Магілы родных, як і ў цэлым месца пахавання асвяціў протаіерэй Вячаслаў Лобец.