Да лідарскіх пазіцый раённага спаборніцтва сярод камбайнераў, занятых на ўборачнай, Валерый Сабін сёлета не дабраўся, ды ўсё ж адзначыўся адметным рэкордам: стаў самым узроставым работнікам, які сеў за штурвал зернеўборачнай машыны.
“Шчыра кажучы, збіраўся нарэшце паставіць кропку ў сваёй амаль паўвекавой “жніўнай” кар’еры, і калі напярэдадні ўборачнай да мяне ў Мосар прыехаў галоўны інжынер “Сафійскіх дароў”, паказаў яму свой пашпарт. Гэтай вясной адзначыў ужо 69-ы дзень нараджэння – а праца ж на камбайне патрабуе добрай фізічнай формы”, – распавядаў Валерый Дзмітрыевіч, калі ў адзін з дзён мы сустрэліся на збожжавых палетках.
Відавочна, што гэты намер не ажыццявіўся. Чалавек ён свядомы, адказны, і калі пачуў, з якім вострым дэфіцытам работнікаў сутыкнулася сёлета гаспадарка, пагадзіўся адкласці “пенсію” яшчэ на сезон, агучыўшы толькі адну ўмову – вылучыць яму памагатага. Маўляў, вы ж разумееце, як замарудзіцца працэс, калі сталаму чалавеку давядзецца штораз выбірацца з кабіны, каб пачысціць агрэгаты ці памяняць сегмент жняяркі. Памочніка знайшлі – праўда, таксама не надта маладога: падставіць плячо камбайнеру пагадзіўся вадзіцель гаспадаркі Леанід Антонавіч Шаманскі. У аграрнай сферы ён не навічок: працаваў у “Дземенцы”, ды і ў час, калі быў работнікам АТП №6, пастаянна дапамагаў шэфам у гарачую пару.
За амбіцыйнай моладдзю, канечне, паспець складана, але ж ёсць у ветэранскага экіпажа і свае козыры: багаты вопыт і навыкі, якія не забываюцца. А таму КЗС-1218, за жалезнымі плячыма якога ўжо паўтара дзясятка ўборачных, перад выхадам на палеткі старанна перабралі і “падшаманілі”, штодня “ўлагоджвалі” тэхніку патрэбнымі наладкамі – вось і ў дзень нашай сустрэчы на полі выкарысталі невялічкі прастой з-за ранішняй імжы, каб адрэгуляваць абароты матавіла. Не абышлося за час гэтага жніва без паломак, але стараліся ўхіляць іх максімальна аператыўна.
Гаспадаркі раёна ўжо цалкам справіліся з уборкай зерневых і зернебабовых. На палях засталася яшчэ грэчка, малаціць якую будуць пазней, а таксама яравы рапс і бабовыя травы. Прыступаюць аграрыі і да ўборкі кукурузы. Ва ўсю ідуць работы па закладцы новага ўраджаю: на ўчарашнюю раніцу гаспадаркамі раёна было пасеяна 75 працэнтаў азімага рапсу, узарана каля трэці палеткаў, запланаваных пад восеньскую сяўбу.
Валерый Дзмітрыевіч сапраўды ўнікальны работнік, бо застаў яшчэ камбайны без даху – з 12 год дапамагаў бацьку на СК-3 і 4. Калі ж у 1975-м прыйшоў працаваць у родны калгас “Адважны барацьбіт”, атрымаў “Ніву” з кабінай, пазней некалькі сезонаў шчыраваў на “Доне”. І нават калі пасля закрыцця гаспадаркі перайшоў у лясгас, штогод выязджаў на жніўныя палі падшэфнага “Арэхаўна”.
Ёсць што прыгадаць з багатай біяграфіі. Толькі асам камбайнерскай справы пакараліся складаныя ўчасткі ў мосарскім наваколлі, крутыя ўзгоркі ля Губінкі і Вялічкаўцаў. Сапраўднай легендай стаў выпадак, калі камбайнеры з Брэстчыны, якіх адправілі на дапамогу ў паўночную глыбінку, настолькі разгубіліся на ўшацкіх ландшафтах, што мясцовым давялося падмяняць іх за штурвалам, каб спусціць з гары грувасткую тэхніку. У ліку тых “выратавальнікаў” быў і Валерый Сабін. “Сітуацыя гэта зусім не з разраду жартаў: за гады працы на свае вочы бачыў, як “клаліся” на бок камбайны… Таму неабходна скрупулёзна ацэньваць рызыку, і калі ўхіл пад 50 градусаў, трэба ўкапаць пярэдняе кола так, каб вугал зменшыўся да 30 і вельмі акуратна, па крывой пачаць з’езд”, – дзеліцца ветэран прафесійным сакрэтам.
І хоць цалкам заслужыў ён адпачынак і па ўзросце, і па адпрацаваным стажы, чацвёртае жніво запар прыходзіць на дапамогу “Сафійскім дарам”. Першыя два сезоны шчыраваў на “дзясятцы” – ды так удала, што ўваходзіў у лік лідараў у адпаведным заліку раённага спаборніцтва. У апошнія два гады па аб’ектыўных прычынах рэкордных намалотаў дасягнуць не ўдаецца. Але і сёлетнія 200 тон, якія ветэранскі экіпаж далучыў у агульны каравай гаспадаркі, вялікага каштуюць. Руплівым і самаадданым людзям, якія не шкадуюць сіл і здароўя, каб выканаць найважнейшую задачу і забяспечыць краіну хлебам, асаблівая пашана кожнага земляка!
Наталля БАГДАНОВІЧ.