Хоць і сезон адпачынкаў зараз, а тым не менш амаль штодня ідзе адгрузка прадукцыі з вытворчай базы “Твестуба-ПРА”. А каб такое было магчыма – паралельна працуюць два цэхі. Няхай і не максімальная за 15-гадовую гісторыю прадпрыемства зараз загрузка, аднак наперадзе яшчэ не адзін тэндар.
А вось самы значны па аб’ёмах паставак – на “Гродна-Азот” – сёлета выйгралі і дзякуючы гэтаму ў другім квартале на 62 працэнты павялічылі выпуск прадукцыі ў параўнанні з першым. Хоць гэта, бадай, і самы патрабавальны заказчык. Справа не ў тым, што недзе на якасць можна заплюшчыць вочы, зусім не – на трываласць, вільготнасць, памер правяраецца кожная партыя. А вось запыты – характарыстыкі вырабу – у кожнага свае. Таму і клей, і кардон паступаюць розных вытворцаў. А для нашага флагмана хімічнай прамысловасці нават і станок асобны, які адначасова тарцуе і робіць зазубіны. “Гэта самы складаны станок, хоць прынцып работы, зразумела, такі, як і на іншых. А дадатковыя патрабаванні да гільз толькі ў іх і для дывановай вытворчасці”, – гаворыць галоўны інжынер прадпрыемства Мікалай Сяргеевіч Пруднікаў.
За месяц на прадпрыемстве перапрацоўваецца 150 тон кардону.
З дня свайго заснавання “Твестуба” супрацоўнічае і з “Магілёўшкловалакном”. Вось і зараз укладаліся чатырохметровыя гільзы, на якіх у будучым наматаюць плёнку ці шкляную тканіну. Усяго хвіліна патрэбна, каб з папяровых стужак атрымалася туба. Яна суцэльная, цячэ непарыўна і праз 60 секунд абразаецца ў канцы лініі. Цікава, што практычна сухая, хоць папярэдне кожная стужка акунаецца ў ёмістасці з клеем. Хоць працэс і аўтаматызаваны, ля лініі пастаянна знаходзіцца два чалавекі. Вось машыніст Сяргей Пшанічкін рэгулюе нацяжэнне і адцісканне лішняга клею, сочыць за паказчыкамі манітора. Прычым, што рабіць, кожны работнік ведае да аўтаматызму. Пакуль я фатаграфавала і, зразумела, крыху адрывала ад абавязкаў Сяргея Аляксандравіча, начальнік змены Сяргей Тычына, ні слова не прамовіўшы, пачаў злучаць скотчам канец стужак з новай бабінай. Руслан Касцюковіч лавіў трубкі на выхадзе і акуратна клаў слаямі на прасушку. Паўтысячы штук выпускаюць за змену, якая зараз праходзіць выключна ў дзённы час. І ўтрая больш у суседнім цэху, дзе з канвеера сыходзілі і карацейшыя, і танейшыя гільзы прыгожага зялёнага колеру.
На “Твестубе ПРА” працуе 13 чалавек. У сувязі з павелічэннем аб’ёмаў вытворчасці чакаюць і новых работнікаў.
Яркія, фарбаваныя выконваюцца па гусце заказчыкаў, далучаецца такая стужка ў канцы намоткі. І хоць у абодвух цэхах стаялі і каляровыя бабіны, пераважная большасць іх – звычайныя, з перапрацаванай паперы. Паступае кардон вялізнымі бабінамі вагой нават да тоны са Слонімскага завода або Расіі. Выгружаецца карамі, а да нажоў коціцца ўручную. Вось чаму пераважная большасць работнікаў прадпрыемства – мужчыны. І хоць бываем мы на гэтай унікальнай вытворчасці не надта часта – сустракаемся штораз з аднымі і тымі ж вопытнымі людзьмі. Вось і ў другім цэху за лініяй зноў быў аператар Сяргей Шахаў, начальнік змены Юлія Юрэвіч і укладчык Людміла Коршун – калектыў на “Твестубе-ПРА” пастаянны.
Вольга Караленка.