Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнае агенцтва па турызме ўжо ў 22 раз праводзяць рэспубліканскі турыстычны конкурс “Пазнай Беларусь”.
Арганізатары робяць стаўку на прыцягненне ўвагі да турыстычных брэндаў, стварэнне станоўчага вобразу Рэспублікі Беларусь як краіны, прывабнай для турыстаў, прапаганду здаровага ладу жыцця, папулярызацыю гістарычных славутасцяў, культурнай і прыроднай спадчыны. Конкурс праводзіцца па 13 намінацыях – як для арганізацый і ўстаноў, так і фізічных асоб. Так, напрыклад, ужо заявілі аб сабе санаторый “Лясныя азёры” і музей народнай славы імя У.Лабанка. Думаецца, могуць паспрачацца за перамогу яшчэ і ўшацкія аграсядзібы, а наш фестываль экстрэмальных відаў спорту скласці дастойную канкурэнцыю іншым у намінацыі “Падзейнае мерапрыемства года”. Любы жадаючы, да прыкладу, можа паўдзельнічаць у намінацыі “Фатаграфія года”, даслаўшы свае здымкі турыстычнай тэматыкі. Заяўкі на конкурс прымаюцца да 30 верасня, а вынікі будуць падведзены ў канцы года.
Усе падрабязнасці – на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме.
Вольга КАМАРКОВА.