«Не прадаецца хата бацькоў…»: история семьи Гавриленковых и их уютная усадьба

Калейдоскоп

Не прадаецца хата бацькоў… Колькі разоў апошнім часам чулі гэтыя радкі з беларускага хіта. Вось і ў альтанцы Надзеі Аляксандраўны Гаўрыленкавай у Пад’язна таксама спявалі. Усяго тры дні водпуску атрымаў вайсковец-пагранічнік Іван Роўба, і не з сябрамі ў Наваполацку гуляць застаўся, а адразу прыехаў да бабулі на Ушаччыну. Кажа, чым больш сталее, тым мацней цягне сюды, на радзіму продкаў.

Яго матуля Аксана Сяргееўна задаволена ўсміхаецца, рада, што перадала дзецям любоў да гэтай цудоўнай вёскі, дзе бавіла лета ў сваіх “дзядоў” – Аляксандра Васільевіча і Марыі Іванаўны Атрашкевічаў, у невялікай хаце якіх хапала месца і для васьмярых дзяцей, і для іх нашчадкаў. Цесна, на падлозе ды сенавале мясціліся на начлег, затое ў згодзе.
“Я вам пра маіх дарагіх бацькоў раскажу. Тата – мясцовы, матуля – з-пад Масцішча, у вайну іх старэйшаму дзіцяці ўжо 9 год споўнілася, а брат Іван у 43-м нарадзіўся. І партызаны прыходзілі, і карнікі. Малака ў мамачкі не было, язык немаўляці давала замест соскі, а суседзі-сваякі з агульнага сховішча яе на вуліцу выгналі, каб з-за яго плачу ўсіх не пастралялі. Сапраўды натрапіла на немца, які малога тапіць збіраўся, ды пашкадаваў – кінуў ёй, а сам быццам замест лазню падпаліў. Дзівам выжыў Ванечка. А аднойчы ўсіх пагналі ў хлеў у Гамылёва, некалькі дзён трымалі, абклаўшы пабудову саломай – якімі ж доўгімі аказаліся тыя мінуты чакання смерці”.

Гэту сямейную гісторыю ведаюць усе нашчадкі Надзеі Аляксандраўны. Бацька, які вярнуўся з палону, ніколі вайну не прыгадваў, а вось яна, малодшая дачка, не проста расказчык – артыстка. Яшчэ са школы павялося, што настаўніца роднай мовы Судзілавіцкай васьмігодкі Яніна Трафімаўна Волах на конкурс давала ёй самыя ігравыя творы. “Святога Яна” Якуба Коласа, што на 60 слупкоў, Надзея Аляксандраўна і зараз “шпарыць” у вобразах, а тады перамагла з ім на конкурсе дэкламатараў.


Сёлета на дзень нараджэння, які ў Гаўрыленкавых у адзін дзень, дзеці падарылі ім карціну – каб і зімой у наваполацкай кватэры прыгадвалі свой вясковы дом. Напісала яе, дарэчы, таксама летняя жыхарка Пад’язна.

Зразумела, што любоў да спадчыны ў дзяцей і ўнукаў ад яе. А музычныя даныя – з розных бакоў. “Мы і са сваццяй спяваем, калі збіраемся. Соф’я Мікалаеўна Роўба – таксама мясцовая, родам з Забораўна. Ва Ушачах павінны памятаць дзядзьку зяця Івана Сцяпанавіча Роўбу. А наш Іван, дарэчы, скончыў музычны каледж, піша музыку і да арміі працаваў у вядомых “Камарыках”, – расказвае пра свайго памочніка па дачы Н.Гаўрыленкава. Хаця руку тут прыклалі літаральна ўсе: муж Сяргей Фёдаравіч, сын, дачка, унукі. І сядзіба на ўзвышшы з адрасам “Ленінская,1“, выкашаная і дагледжаная, сустракае кожнага госця Пад’язна найперш сваёй адкрытасцю – тут няма вялікага забора – звычайная сетка. З-за яе выглядае раскідзістая дэкаратыўная вярба і стройныя туі, альпійскія горкі з ружамі, лілеямі, вяргінямі, аксаміткамі, парнікі, альтанка і нават далёкія сосны, што стаяць з паўночнага боку як стражы ад вятроў. Ужо вялізныя, яны таксама пасаджаны гаспадарамі. Тэрыторыя ля дома хутчэй нагадвае паркавы ансамбль – так тут прасторна, і ўсё пераважна ў кветках і кустах. Тым не менш на ім гарманічна выглядае невялікі кавалак з бульбай і цяпліцы, падняты на апоры вінаград. А вось свідравіна, наадварот, замаскіравана. Парадак – ля ўзведзеных гаспадарчых пабудоў і лазні. “Калі б бабулю паставілі ў нас старшыной, ніводнай павуцінкі б на тэрыторыі не было”, – жартуе Іван. – Яна ў нас яшчэ той камандзір!”

Вясёлая, з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, Надзея Аляксандраўна і ў вёсцы незаменная. “Уся надзея на вас, – звярталіся нядаўна арганізатары свята вёскі, калі шукалі месца збору. У прасторнай альтанцы паставілі апаратуру, сабралі лаўкі, стулы і размясціліся на вялікай палянцы ў цяньку сосен. Трэба адзначыць, што сядзіба заўсёды была месцам збору. Ля яе спынялася аўталаўка, было абсталявана месца для чакання. Так што – усё, як пры яе гаспадарах Атрашкевічах, толькі заможней, весялей, не дзеля таго, каб выжыць, а каб жыць.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *