За каждым числом – история: Екатерина Кучеренок о работе в отделе статистики

Общество

У гэтыя перадсвяточныя дні эканаміст аддзела статыстыкі Кацярына Андрэеўна Кучаронак (на здымку) выконвае самую складаную работу – над памылкамі. Калі б нехта падказаў, дзе яны, гэта проста. А вось шукаць нябачнае, пераправяраючы саму сябе – зусім іншая справа. Прычым, гэта пастаянны працэс, а можна сказаць, і асноўная дзейнасць супрацоўніка статыстыкі – сачыць, каб для абагульнення ішлі абсалютна праўдзівыя даныя. І задачка гэта неарыфметычная.

12СХ (жывёлагадоўля) – за такой абрэвіятурай – штомесячная справаздача: прывагі, прыплод, падзеж – абсалютна ўсё. Каб праверыць даныя, трэба хоць мінімальна разбірацца ў галіне, якую “вядзеш”. Якраз з гэтым праблем не паўстае, паколькі спачатку Кацярына скончыла Полацкі аграрна-тэхнічны каледж. З дыпломам аб вышэйшай адукацыі працавала ў розных арганізацыях, сама падавала даныя, таму па сутнасці “ў статыстыцы” ўжо пяць год, хоць спачатку і з супрацьлеглага боку. Усё гэта дапамагае зараз, вопыт эканаміста, напрыклад, вельмі дарэчы ў справаздачах па прыбытках, затратах, тым не менш менавіта апошнія, а не “аграрныя табліцы” яна называе самымі складанымі для сябе. Цяжка ўбачыць нябачнае. А наогул любы работнік статыстыкі – спецыяліст шырокага профілю, які абавязаны разбірацца ва ўсім, тым больш што калі раней сем чалавек збіралі і абагульнялі даныя па сваіх профілях, то зараз – толькі тры.

Канечне, многае змянілася з “папяровых часоў”, разумныя праграмы заўважаць арыфметычную памылку і проста не дазволяць зрабіць наступны крок, падкажуць і пра лагічную, але толькі падкажуць, не больш. Штучны інтэлект не высвятляе прычын з прывязкай да мясцовасці, як супрацоўнікі статыстыкі. “Бачу нехарактэрны рост ці зніжэнне, тэлефаную, удакладняю, – тлумачыць К.Кучаронак. – Хоць спецыялісты арганізацый і нясуць персанальную адказнасць за скажэнне даных, мы аналізуем кожны дакумент, кожную лічбу, ды і выязджаем на месца з праверкамі. Маю работу ў сваю чаргу кантралюе начальнік Святлана Пятроўна Ядрэўская, яна і намеснік Наталля Уладзіміраўна Кудраўцава вельмі дапамаглі мне ў 2019-м, калі прыйшла ў аддзел, падказваюць і зараз, бо з улікам дэкрэтнага адпачынку я ўсё ж малады спецыяліст. У іх вучуся бачыць за лічбамі і нават прадбачыць. У нас маленькі і вельмі дружны калектыў, – лепшы ў маёй практыцы”.

Старэйшыя ж калегі адзначаюць, што ў многім працаваць стала прасцей, паколькі ўсё ў электроннай базе даных. І складаней, паколькі трэба асвойваць больш вузкіх ведаў. Але галоўнае, што засталося і захаваецца ва ўсе часы – аналіз. “Мы і эканамісты, і аналітыкі, ды толькі не статысты, хоць у гэтага слова, як ні парадаксальна, агульны корань з назвай нашай навукі, – кажа начальнік аддзела С.П.Ядрэўская. – Ну а карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць з прафесійным святам усіх нашых ветэранаў – былога начальніка Галіну Міхайлаўну Носік, намесніка Сяргея Пятровіча Долгага, спецыялістаў Людмілу Васільеўну Усцінаву і Тамару Адамаўну Каваленка. Яны ў нас маладыя і мудрыя – жывуць актыўна і цікава. Пераканана, што гэтаму таксама навучыла статыстыка”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *