В этом году в Витебской области зарегистрировано 28 ДТП с участием несовершеннолетних

Профилактика и безопасность

Пасажыр – маленькі, адказнасць – вялікая

Сёлета на Віцебшчыне зарэгістравана 28 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх, раненні атрымалі 37 хлопчыкаў і дзяўчынак, 22 з якіх былі ў статусе пасажыраў.

Улічваючы актуальнасць праблемы, Дзяржаўтаінспекцыя вобласці правяла акцыю “Дзіцячае крэсла. Яе галоўная мэта – прафілактыка аварый з удзелам непаўналетніх, прапаганда выкарыстання дзіцячых утрымліваючых прылад, рамянёў бяспекі.

Што паказалі праведзеныя на Ушаччыне мерапрыемствы? Большасць бацькоў ведаюць, што да 12 гадоў малых трэба перавозіць з выкарыстаннем спецыяльных утрымліваючых прылад (аўталюлек, аўтакрэслаў, бустараў) і паклапаціліся пра іх набыццё. Толькі адзін мужчына, які ў адзначаны дзень трапіў пад увагу праваахоўнікаў, паабяцаў выправіць недапрацоўку.

У рамках акцыі вадзіцелям уручаны памяткі, а маленькім пасажырам –тэматычныя прэзенты (на здымку).

Перавозка дзяцей без аўтакрэсла ці бустара караецца штрафам да 4 базавых велічынь, а ў выпадку паўторнасці на працягу года – ад 2 да 8. Трэба мець на ўвазе, што да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваюцца і тыя вадзіцелі, што перавозяць малых ва ўтрымліваючай прыладзе, аднак з непрышпіленым рамянём бяспекі.

Каварная “зебра”

Ступіўшы на “зебру”, пешаход можа быць упэўнены ў сваёй перавазе перад вадзіцелямі транспартных сродкаў. Аднак гэта ў тэорыі. На практыцы ж, на жаль, нярэдка адбываецца інакш – за 7 месяцаў 2024 года супрацоўнікамі ДАІ на Ушаччыне зарэгістравана 103 факта няпропуску аўтамабілістамі пешых удзельнікаў дарожнага руху, ёсць выпадкі траўміравання.

Так, 25 ліпеня ўшачанка 1955 года нараджэння, кіруючы аўтамабілем “Опель Корса”, праігнаравала знакі, дарожную разметку і не знізіла хуткасць ля пешаходнага пераходу. Як вынік – наехала на дзяўчыну, якая пераходзіла праезную частку. У пацярпелай – пералом пальца правай рукі.

Праваахоўнікі нагадваюць: пры парушэнні правілаў праезду пешаходнага пераходу прадугледжаны штраф ад 1 да 5 базавых велічынь, у выпадку паўторнасці на працягу года – ад 2 да 8, са стварэннем аварыйнай абстаноўкі – ад 5 да 20 з пазбаўленнем права кіравання транспартным сродкам на тэрмін да 2 гадоў ці без яго. Дарэчы, у пешаходаў таксама ёсць абавязкі, прадугледжаныя ПДР. Нельга, напрыклад, ісці па краі аўтадарогі, калі ёсць іншыя дазволеныя шляхі (тратуар, абочына). Памятайце пра бяспеку. Калі ёсць падазрэнне, што вадзіцель вас не заўважыў, лепш пачакайце.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *