В Ушачах появился дендропарк

Благоустройство

Дэндрапарк – гэта месца, дзе растуць разнастайныя віды дрэў, кустоў, раслін, у тым ліку і рэдкія. Гэта своеасаблівы музей дрэў. Дэндрапаркі ёсць у многіх раёнах нашай вобласці. Прыемна паведаміць, што такое месца цяпер з’явілася і ў нашым гарадскім пасёлку. Размясціўся дэндрапарк насупраць Ушацкага лясніцтва побач з аблюбаваным ушачанамі месцам адпачынку – так званымі “пянькамі”, з другога боку адкрываецца выдатны выгляд на возера Вечалле. 
Праект стварэння дэндрапарку з’явіўся не так даўно пасля прыняцця Міністэрствам лясной гаспадаркі “Праграмы стварэння дэндрапаркаў па лясгасах на 2011-2015 гады”, мэтай якой з’яўляецца азнаямленне насельніцтва з багаццем нашага лесу. 
У суботу раніцай у названым месцы было даволі мнагалюдна. Прыняць удзел у важнай і прыемнай справе – закладванні дэндрапарку – сабраліся работнікі лясгаса, а таксама лясніцтваў з усяго раёна, кожнае з якіх падрыхтавала і прывезла саджанцы для дэндрапарка. Некаторыя ўшачане ў гэты выхадны дзень прыйшлі сюды з дзецьмі. А з якім энтузіязмам і руплівасцю ўсе ўзяліся за справу! Адразу было бачна, што прымаюць яны ўдзел у мерапрыемстве па ўласным жаданні, а не пад прымусам. Старанна садзілі і падвязвалі кожнае дрэўца. Не адставалі ад бацькоў і дзеці, якія з задавальненнем прымалі ўдзел у сур’ёзнай дарослай справе.
– Канечне, няпроста было лясгасу ажыццявіць ідэю стварэння дэндрапарка, затое яшчэ на адно цудоўнае месца ва Ушачах стала больш. Упэўнены, што з часам яно стане адным з любімых для жыхароў, з задавальненнем будуць прагульвацца па алеях парку як дзеці, так і дарослыя, – сказаў старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак, выступаючы перад прысутнымі. 
На абгароджанай тэрыторыі плошчай у два гектары пакуль што з’явіліся ліпы, клёны, дубы, ясені, грабы, елкі, ядловец і іншыя распаўсюджаныя ў нашай мясцовасці дрэвы. Плануецца, што ў будучым тут “знойдуць прапіску” іншыя экзатычныя расліны, пашырыцца плошча.
А.А.Кавалёнак разам з дырэктарам лясгаса А.П.Рудасавым унеслі свой уклад у агульную справу і пасадзілі ў цэнтры дэндрапарку дуб, ясень, клён.
Для таго, каб дрэвы прыжыліся і выраслі, а дэндрапарк стаў сапраўдным месцам адпачынку, патрэбен час. Галоўнае, каб людзі цанілі і аберагалі створаную для іх прыгажосць.
В.ПОЛАЗАВА.



2 комментария по теме “В Ушачах появился дендропарк

  1. Могу предложить деревца крымской акации, если они хорошо у меня перезимуют.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *