На Тартаке — новая зона отдыха с беседкой, пирсом и столом

Калейдоскоп

Як праехаць да альтанкі на Тартаку? Пыталіся ў рэдакцыі велатурысты літаральна праз некалькі гадзін пасля выхаду ў сацсетках відэароліка з маляўнічага возера на Далеччыне. Выбіраючы прывал, аб лепшым месцы не маглі і марыць. Развадзі агонь – вогнішча і дровы на месцы. Стол, лаўкі – на вялікую кампанію і не пад адкрытым небам. Камфортны спуск да вады. Ролік заварожваў, маніў на прыроду, аднак быў усё ж не такім выдатным, як само месца летнім пагодлівым днём.

Прайшло каля месяца, ніякай рэкламы лясгас не запускаў, а месца карыстаецца бойкім попытам. Лічы што вахтавы метад адладжаны: адны мінчане ад’язджаюць, другія заязджаюць. Дзіўнага, зразумела, у гэтым нічога няма. На Ушаччыне даўным-даўно складана на выхадныя адшукаць свабоднае месца ля вады: каб і сесці, і вогнішча развесці, і ад дажджу схавацца. Яны абсталяваны і на Вечаллі, і на Должына, і на Павульскім, але стапрацэнтна будуць занятыя, хоць ты загадзя месца займай. Мяркую, што вельмі хутка мы сапраўды зможам забраніраваць прычал, ва ўсялякім выпадку на азёрах з гаспадарамі. Бо адна з умоў, якую ставяць перад арандатарамі, акрамя зарыблення, – ствараць умовы для цывільнага платнага рыбалоўства і адпачынку. І Ушацкі лясгас, атрымаўшы ў арэнду Тартак, адразу ўзяўся… за рубанак і малаток.

Два дні Дзмітрый Пашкевіч (на здымку), які з дрэва можа зрабіць літаральна ўсё, з памочнікам майстраваў прыступкі да возера з поручнем і пірс, маленькі столік на вуліцы, месца для вогнішча і складзіраваня дроў. Ну а альтанка атрымалася – памерам з дом, высокая, прасторная, з поўнасцю закрытым ад ветру бокам і адкрытым відам на возера. Тут і дваццаць чалавек спакойна размесцяцца. Побач стаянка для транспарту, дарэчы, з плеценай агароджай, якая засталася ад ранейшых арандатараў.

І гэта толькі адна зона адпачынку. Яшчэ будзе мінімум дзве падобныя, а таксама тры прычалы для маламерных суднаў, 6 масткоў для лоўлі рыбы, два месцы для ўстаноўкі палатак, туалеты і кантэйнеры для збору смецця.

Пакуль што гэтымі выгодамі наведвальнікі карыстаюцца бясплатна. Калі лясгас давядзе усё да толку, прыехаць на гатовае на Тартак без аплаты не атрымаецца. Затое можна будзе аплаціць суткі, двое, забраніраваць месца на сайце лясгаса ці рэспубліканскім рэсурсе: як рэклама, так і аказанне паслуг будзе зроблена сучаснымі метадамі. Загадзя давядзецца падумаць і аб набыцці пуцёвак на лоўлю рыбы. З лодкі на суткі – 15 рублёў, а на месяц – 40, такі ж кошт і падводнага палявання. Як бачыце, выгадней браць большы тэрмін, бо гадавая пуцёўка на лоўлю з берага каштуе 60 рублёў, а на суткі – 10. А штраф, калі вас застануць на возеры без пуцёўкі, перавысіць цану і гадавой пуцёўкі. Дарэчы, аб гэтым, як і аб іншых абавязках адпачываючых можна будзе пачытаць на ўстаноўленых аншлагах.

Бясплатна рыбачыць на Тартаку можна толькі ветэранам вайны і інвалідам І і ІІ груп. А па 50-працэнтным кошце – пенсіянерам па ўзросце, дзецям да 16 гадоў, ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, а таксама жыхарам, якія зарэгістраваны ў трох блізкіх населеных пунктах: Заазер’і, Царкавішчы, Вялікіх Дольцах. Літаральна ўсім катэгорыям пры сабе трэба мець дакументы, што пацвярджаюць ільготы.

Міхаіл Шук, начальнік раённай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя:

”У раёне на ўсіх арэндных азёрах створана па тры зоны адпачынку. Зразумела, што ў гэта ўкладзены сродкі, больш таго, уласнікі павінны сачыць за парадкам на прыбярэжнай тэрыторыі і ў праве падумаць пра заробак на такіх аб’ектах. “Раскрутка” залежыць ад іх саміх. Мяркую, што адзіная база ўсіх зон адпачынку будзе створана ў раёне. У рэспубліцы ж ёсць прыватны сайт “Запытай” (zapytai.by), на якім можна выбраць і дыстанцыйна забраніраваць зону адпачынку ці платнага рыбалоўства на пэўны тэрмін. Дарэчы, яго паслугамі карыстаецца прадпрыемства “Тэхнакрас”, якое размясціла там свае кропкі на Матырыне і Псуі”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *