Фейки и угрозы: белорусы в сети и борьба с дезинформацией

Общество

Тэма гэтага матэрыялу злабадзённая і датычыцца практычна кожнага, а ўсё таму, што мы непрыкметна перайшлі з індустрыяльнага грамадства ў інфармацыйнае і не ўяўляем свайго жыцця без інтэрнэта, тэлефона, камп’ютара. Пасля вынаходніцтва тэлекамунікацыйных сетак у многім нам стала прасцей, аднак праўда такая, што інтэрнэт-тэхналогіі нясуць не толькі карысць.

Беларусы ў сусветнай павуціне

Калі ў 2014 годзе ў Беларусі інтэрнэтам карысталася 5,7 мільёна чалавек, то ў 2024 годзе – ужо 8,5 млн, а гэта 89,5% насельніцтва. Для параўнання: пранікненне інтэрнэта ў Расіі складае 90,4%, Казахстане – 92,3%, Польшчы – 88,1%, Літве – 89%, Латвіі – 92,9%, Украіне – 79,2%.
Мабільнай сувяззю ў нашай краіне ахоплена 97% насельніцтва. Пры гэтым практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі (99%) ёсць доступ да высокахуткаснай мабільнай сувязі пакаленняў 3G і 4G/LTE.

У беларускіх карыстальнікаў аднымі з самых папулярных інтэрнэт-рэсурсаў выступаюць платформы для зносін – сацыяльныя сеткі і мэсанджары. У іх зарэгістраваны амаль дзве трэці жыхароў краіны (60% насельніцтва або 5,6 мільёна чалавек).

Першая лічбавая прылада-камп’ютар ENIAC (1946 год) важыў 30 тон і займаў памяшканне плошчай 140 кв.м. Апошняя версія смартфона ад Apple важыць 170 грамаў.

Для чаго ствараюць фэйкі?

Інтэнсіўнасць і аб’ёмы IT-сектара з кожным годам павялічваюцца, на рынку з’яўляюцца ўсё больш прадукцыйныя прылады. І вось ужо звычайныя спажыўцы, такія як мы з вамі, кожны дзень прама з раніцы сутыкаюцца з праблемай інфармацыйнай перагрузкі. Бо тая колькасць даных, якая штосекундна “абвальваецца” на чалавека, ужо даўно перавысіла нашы здольнасці па іх апрацоўцы, для многіх людзей свет звузіўся да экрана смартфона, а яго карціна – да стужкі навін у сацсетках.

Іншая небяспека заключаецца ў тым, што тэндэнцыі развіцця інфармацыйнага грамадства ўлічваюцца ў Вашынгтоне, Лондане, штаб-кватэрах НАТА і Еўрасаюза, дзе працягваюць курс на эскалацыю напружанасці ў свеце. Іх мэта відавочная: на прыкладзе Беларусі і брацкай нам Расіі запалохаць усіх, хто праводзіць незалежную замежную палітыку. У ход ідуць фэйкі – ілжывая інфармацыя, якая выдаецца за рэальную. Прычым, чалавечая прырода такая, што часта ў сацыяльных сетках такая хлусня распаўсюджваецца на 70% хутчэй ісціны.

Галоўная задача стваральнікаў фэйка – перахоп інфармацыйнага парадку ў дзяржаўных СМІ, улады, грамадства, правакатары хочуць настроіць людзей супраць дзяржавы і праводзімай палітыкі. Прычым, фэйкавая інфармацыя падаецца так, каб чалавеку захацелася яе “рэпосціць” на свае старонкі, перасылаць сябрам, а гэта прывядзе не толькі да фарміравання няправільнага ўспрымання сітуацыі, а і прывабіць на вашы старонкі кіберзлачынцаў.

За паклёп – штраф і турма

Не толькі Беларусь, а і многія дзяржавы імкнуцца стварыць эфектыўныя механізмы для абароны сваіх грамадзян ад фэйкаў. Напрыклад, Польшча летась унесла папраўку ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі, якая прадугледжвае не менш за 8 гадоў пазбаўлення волі за распаўсюджванне ілжывай інфармацыі, якая накіравана “на сур’ёзнае парушэнне палітычнай сістэмы або эканомікі Рэспублікі”. У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах за падобнае прадугледжаны штраф у памеры каля 27,4 тысяч долараў і заключэнне пад варту на тэрмін ад 1 года. У Паўднёвай Карэі парушальніку пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі або штраф да 7 тысяч долараў. Не будзем пералічаць артыкулы нашага закадаўства, але за паклёп, абразу, распаўсюджванне, захоўванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці і падобныя дзеянні, прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.

У 2023 годзе ў Беларусі абмежаваны доступ да 3388 інтэрнэт-рэсурсаў, у першым паўгоддзі 2024 г. – да 1495. На сайце Міністэрства інфармацыі размешчаны і пастаянна абнаўляецца рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Інфармацыйная гігіена

Напэўна, не памылюся, калі скажу, што кожны другі з нас перад сном заглядвае ў інтэрнэт, а засынаючы можа зрабіць непатрэбныя і неабдуманыя рэпосты і лайкі. З імклівым развіццём тэхналогій з’явілася і такое паняцце, як інфармацыйная гігіена – сістэма правіл, якіх неабходна прытрымлівацца, каб абараніцца ад чужога дэструктыўнага ўздзеяння, не трапіць на ўлоўкі махляроў. Стварыце для сябе хоць невялікія прамежкі, свабодныя ад “інфармацыйнага шуму”. Чытайце не самі навіны, а іх вячэрнія (ранішнія) тэматычныя падборкі, больш увагі надавайце мясцовым, прафесійным навінам. “Прафільтруйце” свае падпіскі, адпішыцеся ад бескарыснага кантэнту, карыстайцеся блакавальнікамі рэкламы, адключыце на тэлефоне паведамленні. Адна з самых карысных парад, якую даюць навукоўцы, такая: чытайце больш кніг! Эксперты пішуць, што 5-6 хвілін чытання могуць знізіць узровень стрэсу на 68%. Канечне, гэта гледзячы што чытаць, але мастацкая кніга ці раённая газета, безумоўна, падыдуць.

Перыядычна мяняйце свае паролі. Небяспечна перадаваць свае геаданыя. Лепш не выкладвайце ўсё, што можна, пра сябе і дзяцей у інтэрнеце: чым больш пра вас ведаюць – тым лягчэй вас падмануць. Будзьце ўважлівыя ў сацыяльных сетках і раскажыце дзецям аб махлярстве і фальшывай рэкламе ў інтэрнэце. Самі не падманвайце і не давайце падмануць сябе. Будзьце разумнымі, памяркоўнымі, разважлівымі, кожны на сваім месцы. Жывіце і працуйце сумленна – і ніякія фэйкі нашу краіну і надалей не змогуць “пахіснуць”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *