Хаця Мядовы Спас ужо мінуў, у скверы па вуліцы Ленінскай у пятніцу было па-сапраўднаму салодка і духмяна. На любімае ўшачанамі, гасцямі нашага краю Свята мёду традыцыйна сабралася нямала пчаляроў. “
Ідэальнае для пчалярскай справы надвор’е – у 23-25 градусаў, з цёплым дожджыкам раз у тыдзень – сёлета нас не балавала. З-за працяглай спякоты нектарнікі высахлі, таму ўраджай ласунку – не надта вялікі”, – падзяліўся з намі Анатоль Марковіч. Але, думаецца, пчаляр у трэцім пакаленні, з 30-гадовым уласным стажам усё ж згушчаў фарбы: на кропцы, дзе па вельмі прывабным кошце – 8 рублёў за 0.5 літра (у некаторых было па 10 руб.) – мядок прадавала яго жонка Галіна, і пакупнікоў, і слоічкаў з разнатраўем, пяргой было шмат. Відаць, пастараліся пчолкі, якіх на пасецы ў Арцюшках звыш 40 сямей, ды і ўнук Лёша ў зборы карыснага прадукту Марковічам дапамог.
Усяго шэсць сямей прынеслі 50 літраў “залатога” ласунку пчаляру-пачаткоўцу Аляксандру Тарасеню. “Летась 70 было, аднак і гэтага хопіць, – аптымістычна зазначыў ушачанін. – Пустыя домікі па Каранеўскага яшчэ ёсць, але прынцыпова іх пакуль не займаю: асноўная праца часу не пакідае. У перспектыве ж усякае дапускаю, тым больш што блізкія маё захапленне падтрымліваюць – сёння ўсе тут”.
Пра карысць мёду, забрусу, іншай прадукцыі з пасекі ў Дарошкавічах расказваў Віктар Стукан. Ліпа сёлета не цвіла, першы вясенні ўраджай з-за марозу ўвогуле прапаў, але пчаляр знайшоў выхад – пасеяў фацэлію, доннік, што дазволіла пчолам пратрымацца. “Мяркую скараціць іх колькасць, бо спраўляцца з наяўнымі 26 сем’ямі няпроста: другое маё хобі – рыбалка – шмат часу забірае, – расказвае мужчына. – А яшчэ ў маіх планах – развярнуцца ў “вытворчасці” сотавага мёду ў слоіках. Наколькі мне вядома, такім на Ушаччыне больш ніхто не займаецца. Адзінае, пакуль не прыдумаў, як навучыць крылатых працаўніц такія шкляныя “домікі” самім закручваць” (смяецца).
“Галоўнае – не колькасць, а якасць, якая ў маёй прадукцыі – на вышыні! – рэкламаваў мядок з пасекі ў Старынцы Пётр Цвяцінскі. – Ем яго пастаянна. У дзяцінстве ж, памятаю, каб атрымаць лыжачку, даводзілася хітрыць: халадзёнку піць, каб горла пачырванела”. У нашчадкаў жа пчаляра такой неабходнасці няма: без малога два дзясяткі вулляў забяспечваюць усіх карысным прадуктам. Рэалізоўваць жа яго падчас урачыстасці дапамагала маленькая ўнучка Соня, якая вельмі шкадавала, што забылася апрануць тэматычную майку з выявай пчалы – як у дзядулі.
“Кветкі ў садзе сёлета падмарозіла – толькі каля 30 працэнтаў ад мінулагодняга мёду ўдалося сабраць, – з сумам казаў уладальнік пасекі ў Ільюшыне Аляксандр Гваздзёў. – Аднак пастаянным пакупнікам хопіць. На свята ж мёду прыехалі з сям’ёй па ўжо добрай традыцыі – каб асвяціць ураджай ды стасункі з калегамі ўмацаваць”.
“Не ведаю, як у каго, а ў нас з мужам Іванам ураджай сёлета – проста выдатны: кожная сям’я (іх у нас 35) каля чатырох магазінаў прынесла, – прызналася Алеся Хамёнак, дэманструючы на здымку спецыяльныя надстаўкі над вуллямі і вашчынай, куды пчолы носяць мёд. – А гэта каля бідону смачнай прадукцыі. Напэўна, таму што не раіліся зусім, хаця перазімавалі дрэнна – каля паловы прапалі, Вакол пасекі – лес, поле, а значыць, патрэбныя пчолкам маліна, крушына, доннік…”
Радаваўся сёлетняму мёду і пчаляр з 27-гадовым стажам Мікалай Глінскі з Пяскоў. Калі добра працаваць, іншага выніку быць проста не можа – упэўнены ён. Першы ўраджай разам з жонкай Валянцінай, якая адказвае за рэалізацыю, сабраў як ніколі рана – яшчэ ў маі. “Асабіста я ем мядок і раніцай, і ў абед, і вечарам – лепшых лекаў ад хвароб не ведаю! – кажа мужчына. – Калі ў 50 гадоў перанёс інсульт, выратаваўся толькі гэтым, ды і над вуллямі дыхаць хадзіў – вельмі карысна!”.
Бойка ішоў гандаль на кропцы Ушацкага лясгаса, дзе пакупнікам прапаноўвалі самыя розныя аб’ёмы мёду – па 0.55, 0.7, 1.4 літра, а таксама бярозавы сок, венікі для лазні, іншую прадукцыю.
“Жонка сёння адправіла за мядком. Вось толькі набыў не адзін слоік, а адразу тры – не змог выбраць, бо ўсюды па-свойму смачны!” – падзяліўся з намі ўшачанін Уладзімір Андрыковіч. “А мне было цікава з пчалярамі пагутарыць, даведацца пра нюансы іх справы, паколькі сам задумваюся заняцца ёй”, – далучыўся да размовы Мікалай Фядосенка.
Карыснай інфармацыяй пра лекавыя расліны дзяліўся з прысутнымі ўшацкі траўнік Аляксандр Крацёнак. Аўтарскі хлеб на заквасцы рэалізоўвала Людміла Дунец. Унікальныя вырабы прапаноўвалі супрацоўнікі Дома рамёстваў, народнага клуба “Адраджэнне”. Ну а колькі забаў было для дзяцей – арэлі, батуты, салодкія ласункі…
Усім пчалярам арганізатары мерапрыемства падзякавалі за адраджэнне промыслу. Благачынны Ушацкай праваслаўнай акругі іерэй Аляксандр Таляронак па традыцыі асвяціў пчалярскі прадукт і ўдзельнікаў свята. І канечне, усё дзейства суправаджалася прыгожымі вакальнымі, харэаграфічнымі нумарамі ад культработнікаў, самадзейных артыстаў Ушаччыны.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.