У нашым раёне сёлета шмат юбілейных дат – і прарыву блакады, і знакамітых землякоў, і заснавання раёна. Але самая вялікая – саміх Ушач, якім сёлета споўніцца 540 год. Менавіта гэту дату мы будзем адзначаць на Дзень горада, які намечаны на 14 верасня. Адкуль яна ўзялася? Гісторыкі Акадэміі навук Беларусі адшукалі першы пісьмовы напамін пра наша паселішча, датаваны 1484-м.
“Метрыкі” Ушач не адзін раз мяняліся па меры таго, як знаходзіліся новыя крыніцы аб згадванні мястэчка. На ўязной шыльдзе горада значылася лічба 1624 (з гэтага часу Ушачы сталі належаць полацкаму стольніку Кляноўскаму), якую не адзін раз абверглі розныя пісьмовыя крыніцы. Быў і 1552 год – спасылкі ў Полацкай рэвізіі, і 1458 – Полацкія граматы, аднак апошняя дата была “скасавана” спецыялістамі Акадэміі навук і прыйшла наступная, больш позняя спасылка:
“У адным з рашэнняў суда полацкага намесніка Багдана Андрэевіча Саковіча гаворыцца: “Били намъ чоломъ тые бояре наши повету Полоцкого Фёдор Никифорович з братьею своею Осъкерчичы, а Степан Ганьковичъ з братиею его Теличиничи з Ушачи и поведали, ижъ продком их дано землю на Въшачи и на Солонъце в Полоцком повете на службу земскую от великого князя Витовта, которую и теперь они на себе держать” (Тыя ж Полацкіе граматы, том 1, старонкі 350-351). Тут Ушачы прыгадваюцца як населены пункт (а не рака, як у ранейшай крыніцы), акрамя таго гаворыцца аб надзяленні зямлёй яшчэ Вітаўтам, а гэта значыць – у першай трэці XV стагоддзя. Трэба ўлічваць, што адносна Вітаўта гаворка ідзе аб зямлі, а ў рашэнні суда – ужо аб населеным пункце Ушачы. На жаль, прыгаданы дакумент не мае дакладнай даты. Публікатар вызначыў дыяпазон яго складу: каля 1 студзеня 1477 года і 9 кастрычніка 1484 года. У такой сітуацыі прынята лічыць верхнюю магчымую дату. У сувязі з чым першы напамін у пісьмовых крыніцах населенага пункта Ушачы неабходна адносіць да 9 кастрычніка 1484 года”.
Мабыць, пройдзе час і з’явяцца спасылкі на іншыя, больш раннія пісьмовыя згадванні пра Ушачы.
Вольга Караленка.