Каб своечасова выяўляць небяспечныя хваробы, урачы заклікаюць праходзіць дыспансерызацыю. Многія з імі згодныя, але ў паліклініку ўсё роўна не спяшаюцца: часу няма. Між тым, для медагляду ва Ушачах створаны максімальна камфортныя ўмовы – з нядаўняга часу спецыялісты райбальніцы самі выязджаюць у працоўныя калектывы.
“Выязная форма дыспансерызацыі, што радуе, выклікала ва ўшачан інтарэс – з прадпрыемстваў паступаюць заяўкі, – зазначае намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Наталія Васільеўна Дрозд. – Ужо пабывалі ў лясгасе, жаллёва-камунальнай гаспадарцы, санаторыі “Лясныя азёры”, днямі паедзем у ТЦСАН, а ў сельскай мясцовасці актыўна працуюць у гэтым накірунку бальніцы сястрынскага догляду. Для зручнасці загадзя раздаём кантэйнеры для збору аналізаў, а сам агляд, калі таго патрабуе вытворчы працэс, пачынаем да яго пачатку – скажам, у 7.30”.
На месца ў агавораны час прыязджаюць урач агульнай практыкі і некалькі медыцынскіх сясцёр. З сабой у іх – прабіркі, партатыўны апарат для ЭКГ, танометры і стопка анкет. З іх, дарэчы, усё і пачынаецца.
Ежу дасольваеце? Паленне ў грудзях пры фізнагрузках турбуе? Ёсць сваякі з цукровым дыябетам? На такія пытанні трэба адказаць “так” ці “не”. Усяго дзве-тры хвіліны – а выявіць можна фактары рызыкі хвароб кровазвароту, анкалогіі і інш.
Тут жа вам зробяць кардыяграму і возьмуць кроў, змераць рост і вагу, вызначаць артэрыяльны і ўнутрывочны ціск. Павышэнне апошняга, дарэчы, – галоўны сімптом глаўкомы, якая можа прывесці да слепаты. Па словах афтальмолагаў, захворванне часта не заўважаюць, бо стомленасць вачэй многія спісваюць на ператамленне, магнітныя буры.
15-20 хвілін – і дыспансерызацыя пройдзена. Калі нейкі аналіз пакажа адхіленні ад нормы, з чалавекам звяжацца ўрач.
“Прыкладна трэць пацыентаў з добрым самаадчуваннем падчас дыспансерызацыі даведваюцца аб наяўнасці ў сябе паталогій. Якое абследаванне самае паказальнае, сказаць складана. Нават банальны індэкс масы цела (суадносіны вагі і росту) можа ўказваць на пэўныя рызыкі”, – пра важнасць прафілактычных аглядаў нагадвае загадчык паліклінікі Лілія Ігараўна Аўдошка.
Калі ў вашым калектыве таксама ёсць жадаючыя прайсці дыспансерызацыю на месцы, звяртайцеся па любым з нумароў Ушацкай ЦРБ. Ніхто не адмяняў і прывычную форму такога медабследавання ў паліклініцы. Канечне, часу на яго спатрэбіцца больш, аднак і магчымасць аператыўна трапіць да вузкіх спецыялістаў з’явіцца. Да таго ж можна разлічваць на аплачваемы выхадны – трэба толькі загадзя ўзгадніць з наймальнікам канкрэтную дату.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.