Пахваліцца ўраджайнасцю зерневых сёлета “Глыбачаны” не могуць, іх палеткі і з найбольш пацярпелых пасля ўрагану.
І тым не менш у лідарах па намалоце разам з ільюшынцамі ўвесь час прадстаўнік гэтага сельгаспрадпрыемства Аляксандр Малахаў (на здымку)! Толькі днямі яго дагнаў Артур Карабань з “Сафійскіх дароў”, у якога ў руках, аднак, “Нью-Холанд” з намнога большай выпрацоўкай, які ўвогуле праходзіць па асобнай намінацыі. Як умудрыўся? Тым больш што цяплічных умоў спецыяльна для Аляксандра Аляксандравіча ніхто не ствараў. Збажыну ў гаспадарцы не дзеляць – з-за дэфіцыту тэхнікі на адвозцы камбайны заўсёды разам, па адных і тых жа палетках ходзяць. Камбайны ў іх з Максімам Целепнем – проста блізняты: і маркі адной, і года.
“Ну што ж нас з Максімам раўняць, – кажа А.Малахаў пра свайго маладзейшага напарніка. – Ён трэці год за штурвалам, а я – чацвёрты дзясятак размяняў, як з арміі прыйшоў, так і працую. Магу адрозненні “Нівы”, “Дона” і “Палесся” назваць, па гуку няспраўнасць вызначыць, а на вока – вышыню зрэзу. Гэта не пахвальба. Нездарма ж і называецца вопыт бясцэнным – ты з усім за сваю практыку сутыкаўся. І калі найперш разбіраўся, высвятляў, то зараз проста ведаеш, што трэба рабіць”.
Цікава, што гэта датычыцца не толькі паломак на старых камбайнах. Першае, што зрабіў Аляксандр Аляксандравіч, атрымаўшы чатыры гады таму новы КЗС-1218 – прыварыў ахову пад жняярку. “Слабы метал, бляшанка, – тлумачыць механізатар. – Напэўна, пад гомельскія раўніны, дзе каменю не адшукаць, зроблена. А ў нас ці няроўнасць, ці булыжнік – і пагнула. Паспрабуй потым параўняй. Летась фактычна па зямлі скрэблі – колас не падняўся, сёлета зноў: дзе збажына нізкая, дзе палегліца. А асноўныя паломкі ў Максіма якраз са жняяркай. Ды і машына не вельмі ўдалая, і ў другіх руках ужо”.
Вось і атрымліваецца, што “Сан Саныч” застаецца ўдарнай баявой адзінкай: з 763 гектараў больш паловы – яго. І не вяршкі з лепшых участкаў здымае – вырывае колас з лап палегліцы. Была, канечне, і добрая збажына: авёс, зернебабовыя, на эліце азімага жыта за Вяркудамі за дзень 6 бункераў нажаў, а гэта пад 40 тон. Звычайна – 20-30. Мабыць і не так дрэнна ўрадзіў колас, толькі складана вымалаціць яго з падсеяных і падняўшыхся пасля дажджоў траў.
Паспрыяў беспрастойнай працы А.Малахава (за сезон два выхадныя ў дрэннае надвор’е) і той факт, што пэўны час побач быў сын Станіслаў. Хоць камандзіравалі яго з ДЭУ-37 на адвозку зерня, аднак жыў у гэты час у Глыбачцы і ва ўсім дапамагаў бацьку. “Ён жа ў мяне на ўсе рукі майстар – і зваршчык, і слесар, і не адзін сезон сам правёў на камбайне. Так што фактычна памочнікам быў, толькі пазаштатным, з раніцы паспявалі з ім усё перагледзець, падагнаць. Максіма таксама не кідалі”, – раскрываў сакрэты Малахаў-старэйшы. Праўда, непрацяглы час пабыў з “напарнікам”. І асноўная фішка перадавіка, які пабываў на ўсіх без выключэння абласных “Дажынках”, штогод падымаецца і на раённую сцэну – у неабыякавасці да ўраджаю кожны звышурочны дзень. Гэта ў жніўні, калі туманы і раса рана “наліваюць” колас, пад 9 вечара вяртаюцца, а раней і пад 11. На полі, а не па дамах чакаюць, калі пасля дажджу расхмарыцца. Дарэчы, калі многія шукаюць больш удзячнай працы, пераходзяць у іншыя арганізацыі, то Аляксандр Аляксандравіч, наадварот, два гады таму вярнуўся не сезонным, а пастаянным работнікам.
Ён ведае, што трэба ўбіраць, нават калі намалот – усяго паўтара бункера. І такое сёлета было: у гаспадарцы падымалі палеглыя пасевы добрых рэпрадукцый. І косы з КВК па збажыне пускалі, каб закласці зруйнаванае ветрам у траншэю. На корм пойдзе і салома. Калі летась Аляксандр Лях некаторыя палеткі за камбайнамі наогул прапускаў – не было што прасаваць, то сёлета ён практычна адзін ужо ачысціў 315 гектараў. Таксама адзін на адвозцы зараз і Васіль Качан. Спачатку на трактары, цяпер на МАЗе. На полі ўсё тыя ж героі, што і год таму.
Жніво ў “Глыбачанах” выйшла на завяршальную стадыю. Як і ў “Ільюшынскім” – 88%. Крыху больш паловы зерневага кліну абмалацілі “Сафійскія дары”, якія маюць і самую высокую ўраджайнасць – 18,1 цэнтнераў з гектара, і самы вялікі вал.
Вольга Караленка.