У працоўных калектывах Ушаччыны на гэтым тыдні прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Абмяркоўвалі вельмі актуальную тэму – інфармацыйную гігіену і як не стаць ахвярай дэзінфармацыі. Прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама С.С.Садоўскім пабывала ў калектыве Ушацкага лясгаса.
Падчас такіх сустрэч у працаўнікоў заўсёды ёсць магчымасць задаць хвалюючыя пытанні кіраўніцтву раёна. Так, лясгасаўцы пыталіся, як фарміруецца план капрамонту шматпавярховак. Напрыклад, дом па Савецкай,10, якому 50 гадоў, у плане значыцца толькі на 2027 год, а чарга намнога “маладзейшых” ужо падышла. Які канкрэтна дом унясуць у план, вызначаецца спецыялістамі загадзя і залежыць ад многіх паказчыкаў. Асноўны – тэхнічны стан дома і яго канструкцый. Вясной і восенню камісійна абследуецца ўвесь жыллёвы фонд, правяраецца стан, улічваюцца выклікі спецыялістаў на цякучыя рамонты і ўхіленне непаладак на працягу года. Мае значэнне, канечне, і год пабудовы. У сярэднім пад капітальны рамонт у нашым раёне дом трапляе праз 25-30 гадоў.
Яшчэ адно пытанне, якое задалі старшыні райвыканкама, датычылася добраўпарадкавання, а дакладней – асфальтавання вуліц гарпасёлка. Зразумела, што кожнаму жыхару райцэнтра хочацца, каб на яго вуліцы было добрае пакрыццё, аднак на гэта патрэбны вялізныя сумы. У першую чаргу новы асфальт з’яўляецца на найбольш загружаных вуліцах, таму сёлета быў укладзены па Ленінскай, часткова па Савецкай і Калінінскай. “Не буду даваць стапрацэнтных абяцанняў, але скажу, што ў наступных планах абнаўленне пакрыцця на Савецкай і Камсамольскай, думаецца, ніхто не стане аспрэчваць, што яно там вельмі патрэбна – кожны з нас рухаецца па гэтых участках і бачыць іх стан. Каб вы разумелі аб’ёмы ўкладанняў, скажу, што толькі для таго, каб прывесці ў парадак Савецкую, патрэбна каля мільёна рублёў, – адзначыў С.С.Садоўскі.
Закранулі на сустрэчы і яшчэ адну актуальную напярэдадні новага навучальнага года тэму – дысцыпліну ў школе і ўвядзенне абавязковай формы.
Вольга КАМАРКОВА.