Ушацкі раён з рабочай паездкай наведаў Міністр па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Сяргей Эдуардавіч Налівайка. У райвыканкаме ён правёў прыём грамадзян, але магчымасцю задаць пытанні кіраўніку падатковага ведамства скарысталіся нямногія.
Прадстаўнікі спартыўнай сферы раёна звярнуліся з актуальным для іх пытаннем. Некаторы час адпаведныя ўстановы краіны мелі льготы і не плацілі падатак на прыбытак. Гэтыя сродкі можна было накіроўваць на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, рэалізацыю дзяржпраграм у сферы спорту, стымуляванне работнікаў. Аднак тэрмін дзеяння адпаведнага указа Прэзідэнта ў 2021-м скончыўся і не быў падоўжаны. У 2022-2023 гадах дзіцяча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву спрацавала з добрым плюсам, адпаведна заплаціўшы каля 30 тысяч падатку на прыбытак. У сувязі з гэтым і пыталася кіраўніцтва сектара спорту і турызму, ці магчыма ў далейшым зноў падатковае паслабленне. Як патлумачыў Сяргей Эдуардавіч, указ быў часовы, як патрабуе кіраўнік дзяржавы, калі ёсць льготы – павінны быць і вынікі. Выступіць з ініцыятывай на вышэйшым узроўні павінна
Міністэрства спорту, магчыма, падатковае ведамства яе падтрымае. “А ў цэлым вы малайцы, далёка не ўсе спартыўныя школы і фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў краіне працуюць прыбыткова. Дадатковы ж падатак уплачаны ў мясцовы бюджэт, а значыць сродкі застаюцца ў раёне”, – адзначыў С.Э.Налівайка.
Як у маленькім раёне вялікі спатыўны аб’ект можа акупляцца, міністру па падатках і зборах патлумачылі ўжо падчас экскурсіі па “Юнацтва-Ушачы” (на здымку). Комплекс наведваюць не толькі ўшачане і жыхары бліжэйшых гарадоў, ён карыстаецца папулярнасцю ў беларускіх і расійскіх спартсменаў. У гэтыя жнівеньскія дні, напрыклад, вучэбна-трэніровачны заняткі тут праводзяць юныя спартсмены з Расійскай Федэрацыі. Сяргей Эдуардавіч застаўся ўражаны базай і ўмовамі комплексу, а таксама інтэрната для спартсменаў, які рыхтуецца да адкрыцця. А яшчэ зазначыў, што ў Віцебскай вобласці і ў прыватнасці Ушацкага раёна вялізны турыстычны патэнцыял, які трэба больш задзейнічаць для развіцця рэгіёну.
У ходзе рабочай паездкі з кіраўніцтвам раёна былі абмеркаваны і іншыя пытанні, таксама С.Э.Налівайка наведаў музей народнай славы.
Вольга КАМАРКОВА.