Першым рабочым днём стаў гэты чацвер адразу для дзевяцярых маладых педагогаў Ушаччыны. Праўда, адзначаны ён быў не заняткамі ці складаннем планаў, а прыгожай урачыстасцю, на якой мудрымі парадамі, карыснымі падказкамі іх сустракалі будучыя калегі.
“Вельмі прыемна, што большасць гэтых юнакоў і дзяўчат – ажно пяцёра – сталі членамі нашага педагагічнага калектыву”, – не хавала эмоцый дырэктар Ушацкай СШ А.У.Ворса. У прыгаданую ўстанову сёлета па размеркаванні прыбылі настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Андрэй Бутоўскі і Фёдар Рубіс, пачатковых класаў Дарына Лузгіна, замежнай мовы Аляксандра Дакшаніна, музыкі Крысціна Якавенка. Адразу два педагогі – пачатковых класаў Аляксандра Грачова і фізкультуры Дар’я Нераз – прыйшлі ў Арэхаўскую школу. Выхавацелем у дзіцячым садзе №4 г.п.Ушачы стала Таццяна Спірчонак. У Глыбачанскую ж СШ вярнулася колішняя яе выпускніца, залатая медалістка Дзіяна Герцык, якая ў ПДУ атрымала спецыяльнасць “Рамана-германская філалогія”.
У адзначаны дзень падтрымаць усіх іх на старце прафесійнай дзейнасці сабралася нямала гасцей. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Л.В.Давыдава выказала спадзяванне, што ў калектывах прафесіяналаў маладыя спецыялісты хутка асвояцца, а на Ушаччыне ім спадабаецца – і пасля адпрацоўкі ўсе абавязкова застануцца ў нашым раёне. Быць гібкімі, мабільнымі, любіць і паважаць сваіх вучняў пажадала загадчык вучэбна-метадычнага кабінета А.В.Касіч. А намеснік дырэктара Ушацкай СШ В.В.Дрозд дзеля жарту і стымулу падарыла новаспечаным педагогам (сярод іх, дарэчы, яе былы вучань Андрэй), “чароўныя ручкі”, якія пры адказным падыходзе да настаўніцкай справы памылак не дапусцяць.
Падчас сустрэчы юнакоў і дзяўчат пазнаёмілі з работай раённага камітэта БРСМ, расказалі пра “пад’ёмныя” і іншыя грашовыя бонусы, прадугледжаныя для членаў прафсаюзнай арганізацыі. Інфармацыя, што маладыя спецыялісты першыя два гады, а мэтавікі – усе пяць дадаткова атрымліваюць 30 працэнтаў ад акладу, парадавала. Дарэчы, яшчэ большая надбаўка – 50 працэнтаў – чакае тых, хто пасля адпрацоўкі працягне кантракт адразу на тры гады (пры ўмове аднаго – 10 працэнтаў). Жыллёвае пытанне для ўсіх настаўнікаў вырашана: немясцовым выдзелены месцы ў інтэрнаце.
У ліку сёлетніх маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі – ажно сямёра жыхароў Ушаччыны. Чацвёра з іх атрымлівалі спецыяльнасці па мэтавых накіраваннях.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.