Аджыка па-армянску
Спатрэбіцца: памідоры – 5 кг, часнок – 1 кг, горкі перац – 500 г, соль – на смак.
Прыгатаванне: Усё прапусціць праз мясарубку, пасаліць і пакінуць у эмаліраваным посудзе на 10-15 дзён, каб аджыка закісла, не забываючы яе штодня памешваць. Саліць варта да таго, як дадасце часнок і перац. Раскласці па слоіках і захоўваць у прахалодным месцы.
Яблычная
Спатрэбіцца: памідоры – 1,5 кг, морква, салодкі балгарскі перац і яблыкі – па 0,5 кг, часнок – 300 г, горкі перац – 3-4 шт., алей – 0,5 л, соль – 1,5 ст. л., цукар – 100 г, воцат – 100 г.
Прыгатаванне: Памідоры і яблыкі ачысціць ад скуркі, разам з перцам прапусціць праз мясарубку, заліць алеем, дадаць соль, цукар і трымаць на сярэднім агні гадзіну. За некалькі хвілін да гатоўнасці дадаць воцат, здробнены часнок, даць пракіпець, у гарачым выглядзе разліць у прастэрылізаваныя слоікі і закаркаваць.
Хатняя
Спатрэбіцца: памідоры – 2,5 кг, морква – 1 кг, перац салодкі – 1 кг, часнок – 250 г, горкі перац – 2 шт., алей – 250 мл, цукар – 250 г, соль – 2 ст. л.
Прыгатаванне: Усю агародніну (акрамя часнаку) прапусціць праз мясарубку, дадаць алей, цукар і соль. Сумесь пакласці ў эмаліраваны посуд і тушыць, памешваючы, адну гадзіну. У канцы дадаць здробнены часнок. Гатовую аджыку расфасаваць у стэрылізаваныя слоікі і закаркаваць.
Джэм з памідораў
Спатрэбіцца: дробныя памідоры – 600 г, надзёрты свежы імбір – 1,5 ч. л., часнок сушаны – 0,5 ч. л., молатая каляндра – 0,5 ч. л., сушаны перац чылі – 0,5 ч. л., цукар – 100 г, соль – 1 ч. л.
Прыгатаванне: Памідоркі нарэзаць на невялікія кубікі 1-2 см. Варыць у каструлі з шырокім дном: так хутчэй выпарваецца лішняя вадкасць. Скласці ў яе ўсе інгрэдыенты, давесці да кіпення, зменшыць агонь да сярэдняга і варыць, памешваючы, да загусцення. Можна ў канцы адрэгуляваць смак на соль-цукар па ўласным гусце. Раскласці па стэрыльных слоіках, астудзіць, паставіць у халадзільнік. Для больш працяглага захоўвання можна адразу закруціць, тады можна трымаць слоікі ў цёмным месцы пры пакаёвай тэмпературы.