Хоць сям’я Аляксея Андрэева толькі што папоўнілася сынам-немаўля і на бацьку абавязкі па доглядзе за старэйшай дачкой Янай, на выхадных ён не прамінуў завітаць на знакамітую аграсядзібу “Дукорскі маёнтак” ажно ў Пухавіцкі раён. Не ўцякаў ад сямейных клопатаў, не. Наадварот, сачыў за яшчэ адным сваім дзецішчам – дракарам, які ўдзельнічаў у фэсце сярэднявечных культур “Задора”.
Так, Аляксей абавязкова сам спускае на ваду ўсе свае лодкі, ды і потым трымае сувязі з кліентамі. А тут не проста лодка – па матэрыяле – як чатыры звычайныя, з разным кілем, мачтай – сапраўдная ладдзя вікінгаў. Упершыню выконваў падобны заказ, толькі з другога разу атрымалася, і, зразумела, вельмі хацеў паглядзець дракар у справе. Нацягнуў і вяроўкі пад парус – меркавалі паставіць яго, але паплылі заказчыкі, як і рабілі звычайна варагі, спасылаючыся проста на вёслы. А адначасова на борт можа
зайсці 15 чалавек.
Заказ, які атрымаў некалькі месяцаў таму, захапіў. Таму і не шкадаваў, што давялося разабраць першы варыянт, з нуля пачаць ужо дзесяціметровую мадэль. Самастойна павялічыў памеры: загарэўся, калі паддаваліся, выгібаліся пад патрэбны вугал дошкі, калі выразаў галаву дракона.
Хаця творыць, а не рамеснічае ён з любой лодкай. А наогул можа зрабіць з дрэва што хочаш: у яго “каталозе” складаныя шэзлонгі, стылізаваныя пад даўніну кухні, драўляныя ложкі, лаўкі і сталы, аднак сапраўднае задавальненне прыносяць менавіта лодкі. Мабыць таму, што гэта складана, загадкава, і што атрымалася стварыць свой непаўторны стыль. І што нягледзячы на некалькі дзясяткаў выпушчаных на ваду экзэмпляраў, працэс пошуку і ўдасканалення працягваецца.
Лодкі ўмее рабіць і бацька Яўген Барысавіч. Аляксей дапамагаў, глядзеў. Ад яго пераняў ідэю “сваёй нішы”, калі пасля арміі скончыў службу па кантракце (на гарантаваным акладзе) і аформіў рамесніцтва. На сваіх хлябах ды з сям’ёй – заўсёды рызыка. Але ён пайшоў на яе, і ў нядаўнім зусім “зялёны” юнак, якому і зараз усяго 25 год, ператварыўся ў “вікінга”. Толькі бясстрашныя воіны шукалі шчасця за марамі і разбоем, а ён – дома і сваімі рукамі.
Мышцы “накачваў” непасрэдна на рабочым месцы. Ля станкоў, рыхтуючы дошкі, загінаючы і замацоўваючы іх, быццам эластычны матэрыял, выразаючы вёслы. Ён не скапіраваў бацькаву, а стварыў сваю мадэль – з асаблівым, выпуклым дном і разваленымі бартамі, прымацаваў для трываласці шпангаўты. Раскідзістыя, быццам лёгкадумныя, яны, аднак, больш устойлівыя. Колькі вопытаў правёў Аляксей, раскачваючы і спрабуючы патапіць. Не баяцца яго лодкі вады.
Дарэчы, калі заканчваў на мінулам тыдні дракар, пайшоў моцны лівень, які і стаў першым іспытам. Вады набралася нямала, ды яе ўзровень змяншаўся марудна. “У двух месцах аказаліся маленькія пропускі, – канстатаваў Аляксей пасля прагону па вадзе сваёй ладдзі. – Гэта абсалютна нармальна, таму суправаджаю тавар з усімі неабходнымі прыладамі, падганяю на месцы. Калі кліент жадае, магу і закансерваваць на зіму”.
Яго лодкі – не толькі ў нашым раёне, а і па ўсёй Беларусі. Майструе пад заказ зімой і летам, працэс жа гэты не з хуткіх. Раскручваў сябе праз “куфар”, ну а зараз і сарафаннае радыё ў дапамогу.
Шчыра кажучы, вельмі здзівілася, што зараз ёсць запыты на драўляныя лодкі, калі столькі і гумавых, і пластыкавых – на любы густ. “Драўляныя ніколі не згубяць свайго прыхільніка. Пераваг у іх шмат, – усміхаецца Аляксей. – Па-першае, яны больш ціхія пры руху і пры хаджэнні па дну лодкі, што немалаважна пры рыбнай лоўлі. Па-другое, больш устойлівыя. Па-трэцяе, гэта ідэальны варыянт для тых, хто мае домік на беразе ракі ці возера, і яму не трэба туды-сюды перавозіць габарытны груз. І нарэшце, гэта ж больш прыгожа”.
Яны сапраўды вельмі эстэтычныя і здаюцца такімі лёгкімі – бялюткія ці цёмныя – абсмаленыя. Аляксей у перспектыве мяркуе арганізаваць іх пракат на “Вечаллі”. Задум увогуле шмат. А паралельна малады бацька будуе свой дом у канцы Ліпаўца. Сам рубіць вянцы, ужо на фундаменце і ён, і лазня. Прычым, мае не ўласцівыя моладзі разважанні: дом ніжэйшы ўзводзіць, чым бацькоўскі, хоць і з другім паверхам – каб і з гадамі без праблем можна было пафарбаваць. Я ж, гледзячы на Аляксея, прыгадваю іншую народную мудрасць: ніколі не прападзе той, хто нешта ўмее рабіць сваімі рукамі.
Вольга Караленка.