Вёсачка Папоўка мала чым адрозніваецца ад падобных ёй – некалькі населеных, а зараз з паўпустой, на некалькі двароў, працяглай вуліцай. Няма прывабных для дачнікаў водных берагоў, затое застаюцца адданыя сваёй Бацькаўшчыне нашчадкі, як палачанка Анастасія Фёдараўна Ціханава. Сёння апошні дом на левым баку з містычным нумарам 13 – гэта райскі куточак, праўда, цалкам рукатворны.
Ад пабудоў каваля Фёдара Сцяпанавіча Асташонка некранутым застаўся хіба што хлеў. Усе астатнія калі і не разабраны з-за даўніны на дровы, дык перароблены. Лазня вось з таго ж бярвення, ды перанесеная з ускрайку ўчастка да дома. Сам ён, вельмі ўтульны знутры, са стылізаванымі балкамі, што трымаюць невысокую столь, і нават з разумнымі радыятарамі на сценах (сёлета падвялі электраацяпленне), абшыты звонку сайтынгам, з каменным ганкам, адмосткай і бетанаванымі дарожкамі. Калодзеж – для прыгатавання ежы, а для паліву – сажалка, з якой шлангам падаецца прагрэтая сонцам вада. Чыстая, там жа купаюцца дзеці і ўнукі, якія прыязджаюць з Полацка на Бацькаўшчыну не толькі на шашлыкі.
Усе не проста дапамагаюць, а маюць сферу сваёй адказнасці. Чатырнаццацігадовы Улад, напрыклад, скасіў немаленькі ўчастак фацэліі, які страціў прыгажосць бэзавай квецені, затое ўражвае сваёй роўнай стрыжкай-вожыкам. Пасеку пакуль не аднавілі, а ўчасткі рознымі раслінамі засяваюцца для севазвароту. Плошчы вялізныя, хоць і не ўсе заняты агароднінай. Буйнымі ягадамі радуе тыбецкая маліна. Наліваюць бакі гарбузы і кабачкі, гардзяліва трымаюць галовы сланечнікі, у парніках чырвоныя, жоўтыя і фіялетавыя памідоры, а плот атрымаўся дэкаратыўным з-за фасолі. Пляцістая, больш метра ў вышыню, яна трымаецца за агароджу, і калі знізу ўжо спеюць струкі, то вышэй яшчэ чырвоныя і белыя кветачкі. Усе градкі – з шыфернымі бакамі, і нідзе ні травінкі. Агарод – вотчына Анастасіі Фёдараўны. А вось палісад – дачкі Святланы. Разбіты бетонныя дарожкі і каменныя горкі па ім даўно. Гэта бачна па рослых туях, пасадках белай і жоўтай брызгліны, вялізным бружмелі, што аплецены вакол металічнай аркі. У пачатку лета ён усыпаны ружовымі кветкамі, гронку такога ж колеру дала сартавая гартэнзія, вялізнымі “шапкамі” радуе і яе менш капрызны “брат” “Белы мядзведзь”. Некалькі відаў кляматысу, лілеі, яшчэ матчыны гваздзікі, півоні і ўсімі любімыя ружы.
Трэба зазначыць, што кветкі і дэкаратыўныя кусты даўно выйшлі за межы першага, традыцыйнага палісаду перад уваходам у дом. Цяпер клумбы з каменнымі бардзюрамі, якія робіць сама дачка, і перад альтанкай, і насупраць арэляў ва ўнутраным двары. Анастасія Фёдараўна і Святлана імкнуцца заняць кожны ўрадлівы кавалак нечым прыгожым і каштоўным. Таму і ля парнікоў – астры, петуніі, аксаміткі, наготкі, мальва і… пышны куст эстрагону. Але не малахітавы напітак настойваюць з галінак, любяць далучыць і зялёныя, і сушаныя ў чай.
Анастасія Фёдараўна – малодшая сярод пяцярых дзяцей, якой у спадчыну застаўся не толькі дом, але і абавязкі па доглядзе за бацькамі. Тата памёр раней, а маці Марыя Максімаўна, якая страціла зрок, трынаццаць гадоў жыла ў дачкі ў кватэры. І нават тады не закідала яна бацькоўскі дом, прыязджала, садзіла агарод, круцілася па двух раёнах і паміж шматлікімі абавязкамі. А.Ф.Ціханава ўвесь час адпрацавала на шкоднай вытворчасці – ткачыхай на “Шкловалакне”. Калі стварылі сем’і дочкі, “папоўская спадчына” стала іх агульным клопатам, толькі нядаўна малодшая больш часу стала праводзіць на сваёй дачы, старэйшая ж з сямействам тут кожныя выхадныя. На гэтыя зяць намеціў перакрыць навес над мангалам. Гэта ён пабудаваў альтанкі, лаўкі, сталы, прасторныя – на драўляных бальках і з дахам – арэлі, летні душ, пясочніцу. Так, Анастасія Фёдараўна – ужо прабабка, і свой куточак для забаў ёсць і ў самай малодшай з працавітых і дружных нашчадкаў Фёдара і Марыі Асташонкаў. А лічба 13 на доме толькі яскрава дэманструе адно са значэнняў гэтай містычнай лічбы – заканчэнне аднаго цыкла і пачатак новага, трансфармацыю і перараджэнне, сувязь былога, сучаснага і будучага.
Вольга Караленка.